Каліновец вырашыў біцца да вызвалення апошняга палітвязня


Салам – ваяр палка Каліноўскага. Да гэтага ён быў байцом украінскае тэрытарыяльнае абароны. Але ён не рыхтаваўся да вайны ва Украіне, ён рыхтаваўся да вайны ў Беларусі. А пачалося ўсё з мірных акцыяў пратэсту.

Салам – актывіст беларускага анархісцкага руху з 2008 года. Хлопец удзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Беларусі. Сілавікі падазравалі яго ў падпале машын і будынку гарадское пракуратуры, прыйшлі да ягонай маці з вобшукам. Тады ён з’ехаў у Польшчу.

Салам пачаў рыхтавацца да вызваленчай вайны супраць рэжыму Лукашэнкі. Але пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну, паехаў разам з іншымі беларусамі дапамагаць украінцам змагацца з акупантамі.

Пераадолеўшы ўкраінскую мяжу і падазронасць спецслужбаў, Салам трапіў ва Украіну і ўступіў у тэрабарону. Менавіта тады ён пабываў у Барадзянцы і пабачыў самае страшнае для сябе за час вайны.

«Гэта проста жах! Я не ведаю, якім месцам думаюць гэтыя людзі, каторыя гэта робяць, калі яны называюць сябе вызваліцелямі! Гэта пекла, яны проста планамерна нішчылі горад. Расстрэльвалі дом за домам. Там не было ніводнага шматпавярховіка, у якой не засталося слядоў ад куляў. Адчуванне, што яны ехалі на сваіх танках, БТРах і расстрэльвалі кожнае акенца, каб проста ніхто не аказваў ім супраціву. І гэта яны называюць вызваленнем? Гэта дакладна не вызваленне!» – распавядае ваяр.

Зараз Салам служыць у палку імя Кастуся Каліноўскага. Каманда праграмы «Ваяры» распытала яго пра ягоную матывацыю, службу і бачанне будучыні. Як атрымалася пераканаць СБУ, што Салам – не лукашыст? Які псіхалагічны тэст гранатай чакае навабранцаў? Чаму Салам думае, што перамога над Расеяй – адзіная надзея для Беларусі на звяржэнне рэжыму Лукашэнкі? Як ён ставіцца да расейцаў? Як беларусу трапіць на фронт ва Украіну і які баявы досвед там можна здабыць? За што Салам так ненавідзіць «рускі мір»?