Ці Захад прызнае Лукашэнку легітымным? Інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай у «ПраСвеце» з Алінаю Коўшык


Святлана Ціханоўская ў шорт-лісце намінантаў на Нобелеўскую прэмію міру. У «ПраСвеце» экслюзіўнае інтэрв’ю Аліны Коўшык з нацыянальнаю лідаркаю.

Лукашэнка выпіхвае ў Польшчу тэрарыстаў

Памежныя службы Лукашэнкі наводзяць зброю ў бок польскіх вайскоўцаў на беларуска-польскай мяжы, страляюць у паветра, імітуюць кіданне гранатаў ды спрабуюць знішчыць памежныя загараджэнні – такія заявы прагучалі падчас прэс-канферэнцыі міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марыюша Блашчака. Да таго ж, на тэрыторыю Еўразвязу адмыслова спрабуюць праціснуць сапраўдных тэрарыстаў. Ці варта чакаць узброеных правакацыяў на мяжы Беларусі і Еўразвязу, і як будзе дзейнічаць Захад у такой сітуацыі? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Ціханоўская пра міграцыйны крызіс і легітымнасць Лукашэнкі. Эксклюзіўнае інтэрв’ю

Якое развязанне міграцыйнаага крызісу бачыць Святлана Ціханоўская? Ці паддаецца Еўропа на шантаж Лукашэнкі? Чаго чакаць беларусам ад новага нямецкага ўраду? Інтэрв’ю з дэмакратычнай лідаркай Беларусі запісалі падчас канферэнцыі беларускай дыяспары ў Вільні. Святлана Ціханоўская цяпер адна з фаварытак на Нобэлеўскую прэмію міру – гэта прызнанне ейнай асабістай мужнасці і барацьбы за свабоду ўсіх беларусаў.

Лукашэнка адкрывае ўкраінскі фронт

У Кіеве Аляксандру Лукашэнку параілі задумацца над захаваннем суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, каб не пераўтварыцца ў прыдатак Расеі. Гэта адбылося пасля таго, як на нарадзе з кіраўнікамі сілавога блоку падчас абмеркавання сітуацыі з мігрантамі на мяжы Беларусі і Еўразвязу Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў пра мяжу з Украінай. Нібыта ён дамовіўся пра яе з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі. Такія заявы абурылі ўкраінскіх палітыкаў. Чаму Лукашэнка бразгае зброяй, кажучы пра Украіну? Высвятлала Вольга Міцкевіч.

Нямеччына ўступіцца за Беларусь?

Дзякуй, фраў Мэркель! Нямеччына праводзіла з пасады жалезную канцлерку. Краіну чакаюць змены. У каго найбольшыя шанцы стаць канцлерам? Які курс замежнай палітыкі можа абраць Нямеччына – і што гэта будзе азначаць для Беларусі? Рэпартаж Юліі Лабанавай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: JANIS LAIZANS / Reuters / Forum