Валярына Кустава: «Радзіма – гэта людзі, Беларусь – там, дзе нашая салідарнасць»


Нагадаем, што літаратарку і нашую калегу Валярыну Куставу ды ейную дачку рэжым пакінуў без жытла і сродкаў для існавання, завёўшы на пісьменніцу і журналістку крымінальную справу адразу паводле двух артыкулаў, не зважаючы на двухгадовае дзіця…

https://btvsat.eu/programs/20-08-2021-yak-dzitsya-nashaj-zhurnalistki-taemna-peravozili-za-myazhu/

Валярына была вымушаная эвакуявацца з краіны, каб не трапіць за краты на некалькі гадоў. Неабыякавыя людзі, арганізацыі ды сябры не кінулі яе ў бядзе…

«Калі спачатку я адчувала, што ў мяне скралі Радзіму, то цяпер прыйшло празрыстае разуменне: Радзіма – гэта не тэрыторыя, не толькі тэрыторыя, але і людзі, перадусім людзі, аднадумцы, што ёсць навокал. І дзе б мы ні былі, як бы беларусы ні былі раскіданыя па свеце, мы разам і ёсць Радзіма», – сцвярджае гераіня.

Валярыну падтрымалі неабыякавыя беларусы, палякі ды ініцыятывы салідарнасці. Яны знайшлі магчымасць арандаваць кватэру на першыя месяцы і забяспечылі бальшыню неабходных патрэбаў, у тым ліку дапамагаюць з юрыдычнымі і легалізацыйнымі пытаннямі. У тым ліку людзі дапамаглі развязаць пытанні, звязаныя з базавымі патрэбамі малой дачкі на бліжэйшы час.

«Цяпер будучыня не выглядае такой няўцямнай і змрочнай, я адчула неймаверную салідарнасць ад сяброў, прыхільнікаў маёй творчасці па ўсім свеце, ад калегаў з Польшчы і Беларусі ды іншых краінаў… Я вельмі ўражаная такою падтрымкаю! Са свайго боку раблю ўсё, каб стаць на ногі і працягваць прыкладаць усе намаганні дзеля таго, каб Беларусь стала Вольнай – і мы маглі вярнуцца дамоў… Пакуль я ведаю, што адбыўся толькі першы этап перамогі – мы зрабіліся нацыяй, з’ядналіся і перамаглі ментальна. Я адчуваю неабходнасць падтрымліваць беларусаў – і буду гэта рабіць!» – дзеліцца Валярына Кустава.

Нагадваем: калі вы хочаце падтрымаць любых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – звярніцеся да нас, лістуйце на паштовую скрыню: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!