Расейскіх ваенных базаў у Беларусі не будзе


Для абароны «Саюзнай дзяржавы» Беларусь у кароткі прамежак часу гатовая паставіць пад ружжо 500 тысячаў чалавек, а калі трэба, нават увесці ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што пытанне аб размяшчэнні расейскіх баз на тэрыторыі Беларусі на ўзроўні прэзідэнтаў не абмяркоўвалася. Ці варта чакаць расейскіх салдат на тэрыторыі Беларусі?

Для абароны Саюзнай дзяржавы ў кароткі прамежак часу Беларусь гатова паставіць пад ружжо 500 тысячаў чалавек. Пра гэта на нарадзе з актывам мясцовай вертыкалі заявіў Аляксандр Лукашэнка: «Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі. Такога ніколі не будзе. Але калі трэба, мы разважаць не будзем».

Пытанне аб размяшчэнні расейскіх баз на тэрыторыі Беларусі на ўзроўні прэзідэнтаў не абмяркоўвалася, сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. Вайсковы эксперт Павел Лузін перакананы ў адваротным: калі Лукашэнка пра гэта ўвесь час кажа, значыць, размовы аб базах вядуцца. А ў самога паслання – два адрасаты.

«Першы адрасат Лукашэнка – гэта Уладзімір Пуцін, Савет бяспекі, урад Расеі. Не, хлопцы, мы ўсё яшчэ настойваем на сваім, ніякай базы вашай у нас тут не будзе. У Беларусі ёсць свая эліта, і гэтая значная частка гэтай эліты не хоча і не гатовая класціся пад Маскву», – падкрэсліў Павел Лузін.

Святкаванне Дня Незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У цяперашні час залежнасць Беларусі ад Расеі дасягнула гістарычнага ўзроўню, і Лукашэнка вымушаны супраціўляцца ціску Крамля, каб захаваць уласную ўладу, лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Калі Лукашэнка такімі шырокавяшчальнымі заявамі кажа, што на ўсё гатовы, то ён хоча рыторыкай змяніць рэальнасць. Расея наступае, а ён рэальна адбіваецца. Пры ўсім узроўні залежнасці ён хоча захаваць сваю ўладу», – перакананы Віталь Цыганкоў.

Афіцыйны Менск не звяртаўся да расейскіх уладаў з нагоды магчымасці размяшчэння ў Рэспубліцы ўзброеных сіл Расейскай Федэрацыі, паведаміў прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў: «Ніякіх зваротаў на гэты конт ад Беларусі не было. Вы ведаеце, што гэта магчыма пасля афіцыйнага звароту кіраўніцтва адной краіны да кіраўніцтва іншай краіны. На гэты конт існуюць пэўныя законам працэдуры, вызначаныя законам паўнамоцтвы. Якіх-небудзь зваротаў ад Беларусі на гэты конт не было».

Дзень Перамогі. Менск, Беларусь. 9 мая 2020 года.
Фота: ТК / «Белсат»

Тым часам для ўдзелу ў сумесных беларуска-расейскіх вучэннях «Захад-2021« у Беларусь прыбылі першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі. Вучэнні пройдуць у верасні. Іх задача – забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Ігар Станкевіч/ Белсат

/АК