Паўтары гадзіны каталі па Маскве. Як вызвалялі беларускага спартсмена Яўгена Шабалюка з Маскоўскага СІЗА


Яўген Шабалюк – майстар спорту па кікбоксінгу, прызёр Кубка Беларусі, пераможца адкрытага Кубка Літвы і Латвіі. Шабалюк удзельнічаў у пратэстах у Беларусі ў жніўні 2020. Мінулым летам яго затрымалі і збілі, пасля чаго ён з’ехаў у Расею. У лютым 2021 года яго затрымалі ў Маскве і змясцілі ў СІЗА. У Беларусі Яўгену пагражае да пяці гадоў калоніі.

29 ліпеня 2021 года з’явілася інфармацыя, што Яўгена Шабалюка выпусцяць з СІЗА. Салідарныя беларусы прыехалі туды, каб сустрэць суайчынніка. Сярод іх была прадстаўніца беларускай дыяспары Алена, якая ўсё паўгода, пакуль Шабалюк знаходзіўся ў зняволенні, пісала яму лісты са словамі падтрымкі.

«Выдатны чалавечак, які стаў мне вельмі-вельмі блізкім, і я яго ніколі не бачыла. Але я вельмі спадзяюся, што яму сёння пашанцуе, мы ўсё ж такі яго ўбачым і забярэм», – дзялілася эмоцыямі Алена.

Але праз дзве гадзіны чаканняў атрымалася ўбачыцца ўсяго на пару секунд праз акно паліцэйскай машыны. Калі пад’ехала машына, беларусы закрычалі: «Вось наш хлопчык, Жэня! Бедненькі!»

Пасля выхаду з СІЗА Шабалюка адразу затрымалі і адвезлі ў аддзел паліцыі. З аддзелу адправілі ў пракуратуру на зняцце меры стрымання. Паліцыянты запэўнівалі, што прывязуць спартоўца назад у аддзел, але ў выніку замест 20 хвілін яго везлі паўтары гадзіны.

«Памятаючы пра тое, што адбылося з Аляксеем Кудзіным, складана верыць уладам Расеі, што яны кагосьці адпусцяць, нават калі чалавек гэты ні ў чым не вінаваты», – кажа Святлана, прадстаўніца беларускай дыяспары.

У Беларусі Шабалюка абвінавачваюць у супраціве міліцыі падчас жнівеньскіх пратэстаў у Берасці. На радзіме яму пагражае да 5 гадоў калоніі ў выпадку экстрадыцыі.

Яўген Шабалюк – майстар спорту па кікбоксінгу, прызёр Кубка Беларусі, пераможца адкрытага Кубка Літвы і Латвіі. За ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года Яўгену пагражае да 5 гадоў калоніі.
Фота: Жэня Шабалюк / VK

Для праваабаронцаў вызваленне Шабалюка стала нечаканасцю. Яны мяркуюць, што гэта магло здарыцца з-за 39 правіла Еўрапейскага суда – яно дае магчымасць асобам, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, хадайнічаць аб прыпыненні судовых пастаноў аб высылцы з краіны. Хоць гэтае правіла не дапамагло ў выпадку з іншым беларускім спартсменам – Аляксеем Кудзіным.

«Мабыць, будзе рашэнне аб яго экстрадыцыі, але РФ, верагодна, не будзе яго выконваць. Гэта значыць, ён проста застанецца на волі, адыходзіць на ўсе суды, Расея не адступіцца і не будзе прызнаваць сваю памылку, але пры гэтым яго нікуды не павязуць», – мяркуе Раман Кісялёў з Маскоўскай Хельсінкскай групы.

Шабалюку выдалі падпіску аб яўцы ў экстрадыцыйны суд і пакінулі ў аддзяленні паліцыі без тлумачэння прычын. Яго адваката да яго не пусцілі.

«У прынцыпе, мы гэта чакалі. Заўсёды трэба чакаць, што нашы органы не дрэмлюць і могуць замяніць экстрадыцыю на выправаджэнне», – кажа адвакат Роза Магамедава.

Юрыдычна інструменты для выправаджэння беларуса з Расеі застаюцца. Сёння суд прызначыў Шабалюку штраф за выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі ў грамадскім месцы. Іншы суд прызначыў Шабалюку меру стрымання – забарону пэўных дзеянняў да канца верасня, фактычна хатні арышт. Па словах праваабаронцаў, дзве адміністрацыўкі адкрываюць магчымасць для дэпартацыі.

Аксана Гандзюк / Белсат

/АК