Шмадзетная маці з'ехала за мяжу з-за рэпрэсіяў. Бацька застаўся з пяццю дзецьмі


Месяц таму мы расказалі гісторыю нашай гераіні Веры, якая выйшла па корм для ката, а трапіла на Акрэсціна разам з іншымі жыхарамі Лебядзінага. Вера, якая атрымала на той момант самы буйны ў гісторыі Беларусі штраф, скарыла сваім аптымізмам нашых гледачоў.

Пасля выхаду праграмы Вера атрымала дзясяткі званкоў і паведамленняў ад суседзяў, былых аднакласнікаў, сяброў і незнаёмых людзей, якія пыталі, чым ёй можна дапамагчы. І дапамаглі!

«Падтрымка і ўвага не дае ўпасці духам», – кажа гераіня.

За гэты час Вера паспрабавала абскардзіць свой штраф, атрымала адмову, але не апусціла рук і плануе дайсці да Вярхоўнага Суда.

Вера збірае падтрымку для сямʼі Іны Дабратвор.
Фота: Белсат

Веру, якая пэўны час была рэкардсменкай у памеры штрафу, вельмі закранула гісторыя шматдзетнай маці Іны Дабратвор, асуджанай за партрэты палітычных вязняў у пад’ездзе і на вокнах уласнай кватэры. За гэта жанчына атрымала два штрафы агульным памерам 400 базавых велічыняў, што складае больш за 10 000 беларускіх рублёў.

«У чалавека пяцёра дзяцей! Якім чынам суддзі аргументуюць такія вялікія штрафы? Якім чынам суддзі сабе ўяўляюць, што жанчына зможа аплаціць такі штраф? Нырку пайсці прадаць ці як?» – задаецца пытаннямі Вера.

Беларус беларусу
Рэкордным штрафам 180 базавых і ноччу на Акрэсціна пакаралі жыхарку Лебядзінага Веру. Ва ўсім вінаваты коцік!
2021.04.01 19:20

Каб падтрымаць сям’ю Дабратвораў, Вера сабрала пакункі з ласункамі і садавіной. У гэты ж вечар мы сустрэліся з Іллём, мужам Іны, і даведаліся, што гераіня мусіла пакінуць краіну. Ілля застаўся ў Менску з пяццю дзецьмі. І спрабуе неяк наладзіць побыт.

Ілля Дабратвор распавёў, што першы раз жонку затрымалі ў жніўні 2020 года, калі тая пасля назірання на адным з участкаў накіроўвалася падаваць скаргу. З 9 да 13 жніўня жанчына правяла на Акрэсціна, дзе чула крыкі збіваных людзей. Але гэта толькі загартавала яе.

Сямʼя Дабратвораў. Фота з сямейнага архіву

Іна звольнілася са школы на знак пратэсту супраць гвалту, дзе працавала пэўны час, а таксама забрала з дзяржаўных школаў малодшых дзяцей, бо бачыла, як настаўнікі бралі ўдзел у фальсіфікацыях. А пазней жанчына размясціла партрэты палітвязняў на вокнах уласнай кватэры і ў пад’ездзе.

«На пратэсты выходзіла вялікая колькасць шматдзетных сем’яў, тых людзей, якія думаюць пра будучыню сваіх дзяцей, – разважае Ілля Дабратвор. – Тыя, хто працуюць у АМАПе, ім усё роўна. Яны жывуць сённяшнім днём. Выходзілі тыя, хто хоча стварыць краіну для жыцця для сваіх дзяцей. Бо перспектывы пры гэтых уладах няма для Беларусі!»

Ілля Дабратвор з дзецьмі. Фота з сямейнага архіву

Ілля з дзецьмі пакідаць краіну не збіраецца. Ён спрабуе наладзіць жыццё і побыт сям’і пры адсутнасці Іны. Ілля кажа, што вельмі сумуе па дваравых канцэртах беларускіх музыкаў, якія ўвосень адбываліся па ўсім Менску і дапамагалі мацаваць і выхоўваць свядомасць ды шанаванне нацыянальных каштоўнасцяў у дзецях:

«Вельмі хацелася б, каб дзеці ўвесь час далучаліся да беларускай культуры. Найвялікшае жаданне нашай сям’і цяпер – звадзіць дзяцей на канцэрт знаных беларускіх музыкаў менавіта ў такім фармаце – сямейным, дваравым».

  • Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.
  • І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu