Валанцёрка Чырвонага Крыжа: «Падцірайцеся майкамі!» – казалі ахоўнікі і ў 6-месцавую камеру з 24 асуджанымі засыпалі хлёрку


Паліну схапілі за «пікет на галаве» ў выглядзе чырвона-белай павязкі, калі яна разам з мужам ішла здымаць манікюр у салон.

Дзяніс і Паліна ў той самай павязцы.
Фота: Белсат

«Паліна ішла ў салон прыгажосці на манікюр, я яе суправаджаў. Нас спынілі сілавікі за «пікетаванне на галаве ў групе асобаў». Хаця мы былі толькі ўдваіх», – расказвае Дзяніс, муж Паліны.

«Яны сказалі, што мой муж – і ёсць група асобаў», – пацвярджае Паліна.

Камеры відэаназірання зафікасавалі гэта. Але ўстановы, што мелі запісы, дзяліцца імі адмовіліся. Маўляў, сцерлася ўжо.

У камеры Паліны не было матрацаў. У 6-месцавай камеры знаходзілася 24 асобы. Падсялялі бяздомнікаў з вошамі. Не давалі туалетнай паперы і не казалі, які час.

«Майкамі падцірайцеся! У сценку ўпішу!» – адказваў ахоўнік. Калі мы папрасілі антысептыкі, бо каронавірус, у 6-мясцовую камеру, дзе знаходзілася 24 асобы, залілі хлёрку і зачынілі дзверы. У адной дзяўчыны была алергія – яе шпіталізавалі», – згадвае Паліна.

За 30 содняў на дваіх муж з жонкаю схуднелі на 10 кілаграмаў.

Паліна: «У мяне складаная брэкет-сістэма і гумачкі на зубах. Мне не давалі зубной шчоткі, і я не магла нармальна есці, баялася ўсё сапсаваць. Але і ад гэтага зубы выглядалі жахліва».

«Нас абкрадалі, кралі нават ежу. Давалі ў найлепшым выпадку па 300 мл вады».

Паліна марыць, каб як мага больш людзей сталіся, як і яна, валанцёрамі Чырвонага Крыжа. І абяцае дапамагчы запоўніць валанцёрскія анкеты.

Паліна.
Фота: Белсат

А яшчэ яны з Дзянісам хацелі б, каб іхнае жытло было прывабным, і былі б удзячныя за падказкі чалавека з дызайнерскім густам і агульнымі з імі каштоўнасцямі.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.