Агляд падзеяў культуры 29 снежня «Партызанфільм» Андрэя Курэйчыка выйдзе на экраны галоўных кінатэатраў Менску


Упершыню ў навагоднім пракаце беларусы пабачаць не толькі расейскія і галівудскія камедыі, але і незалежнае айчыннае кіно.

Героямі камедыі сталі трое маладых авантурыстаў, якія здзяйсняюць беларускую мару – хутка і лёгка разбагацець. Прычым для гэтага яны спрабуюць зняць кіно на расейскія грошы.

«Мы заўжды працавалі на расейцаў, былі фактычна такой студыяй для «Партызанфільму» – для расейскіх карцінаў пра вайну. І вось хлопцы, якія вырваліся з гэтага кантэксту, паспрабавалі зрабіць штосьці шырэйшае і большае, сталі героямі нашага фільму», – адзначае рэжысёр Андрэй Курэйчык.

Тэма набалелая для самога Курэйчыка, які намагаецца здымаць кіно ў Беларусі амаль без грошай. Праўда, сёлета ён пайшоў іншым шляхам – прыцягнуўшы ў якасці партнёраў беларускі бізнес, таму ў карціне досыць агрэсіўны продакт-плэйсмент. І калі папярэдні фільм «Гараш» здымаўся за 6000 долараў, то бюджэт «Партызанфільму» – амаль у дзесяць разоў большы, а каманда праекту ледзьве змясцілася на сцэне. Але, лічыць рэжысёр, лепш рэкламаваць у фільме банк, чым прасіць грошай у дзяржавы і залежаць ад ідэалагічных абмежаванняў. Бо нават атрымаць пасведчанне для паказу фільму ў кінатэатрах было надзвычай складана. «Нам намагаліся сарваць пракат, і калі б не пэўны рэзананс, то не выдалі б пасведчання і да новага года», – заўважае Андрэй Курэйчык.

Якія ўражанні ад стужкі ў першых гледачоў, сярод якіх калегі і сябры рэжысёра?

«Уражанне засталося, і яно добрае. Бо былі моманты, дзеля якіх даруеш нейкія агрэхі», – падкрэслівае тэлевядоўца Яўген Булка.

Рэжысёрка Улада Сянкова лічыць фільм прарывам: «Я для сябе адкрыла некаторых актораў, з якімі я, магчыма буду працаваць. Мне было добра падчас прагляду».

«Я вельмі спадзяюся, што гэты рух незалежна-кінематаграфічны гадоў праз пяць пачне даваць плён», – выказвае свае надзеі прадзюсер Уладзімір Максімкаў.

«Партызанфільм» пакажуць у менскіх кінатэатрах «Мір», «Камсамолец», «Беларусь», «Аўрора», а таксама ў сетцы «Сільверскрын».

Іншыя тэмы:
«Калядная выстава. Жывапіс» – творы гарадзенскага мастака Пятра Янушкевіча экспануюцца ў арт-галерэі «Крыга» ў Горадні.
Казкі па-беларуску прапаноўвае гістарычны музей.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары