У маразы беларусаў у ЗСУ будуць грэць шкарпэткі ад маці палітзняволенай


Агульнымі сіламі спадарыні Ганны, арганізацыі беларускай дыяспары ў Нямеччыне «Verein MARA e.V.» і нашай праграмы стала магчымай адпраўка цёплых вязаных шкарпэтак беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца на баку Украіны.

Спадарыня Ганна вывезла ўнукаў у Польшчу, калі ейную дачку і зяця асудзілі ў Беларусі з палітычных матываў.

Нашая гераіня любіць вязаць, таму разгарнула невялічкую вытворчасць.

«Што мне прыносіць радасць, аддушыну – вырабы ручной працы, якія зробленыя жаночымі рукамі, якія грэюць, упрыгожваюць», – кажа спадарыня Ганна.

Пасля таго, як мы распавялі пра мінівытворчасць нашае гераіні, да нас прыйшла замова ад беларускіх добраахвотнікаў на цёплыя шкарпэткі. Замову прафінансавала арганізацыя «Verein MARA e.V.». Гэтая ж арганізацыя дала грошы на падарункі для ўнукаў спадарыні Ганны – Насты і Вані.

Таму ў гэтым выданні праграмы мы прынеслі падарункі нашым героям, а таксама запакавалі вязаныя шкарпэткі, каб адправіць на фронт.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.