Царскія падарункі алігарха для Аляксандра Лукашэнкі


Калі ў 2018 годзе беларускі алігарх Аляксей Алексін нечакана атрымаў самыя смачныя напрамкі тытунёвай галіны, многія гэта спісалі на блізкасць да сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, як высветлілі расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца», у тым жа годзе бізнесовец павялічыў аўтапарк Службы бяспекі прэзідэнта (СБП) на 9 рарытэтных і дарагіх асобнікаў.

На пачатак 2021 года аўтапарк Алексіна налічваў 16 машын, матацыкл «Harley-Davidson» і лодачны прычэп.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

У ягоных сыноў – яшчэ 9 машын на дваіх. Ацэначны кошт сямейнага аўтапарку – амаль $ 1,5 млн.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Калекцыя аўтаў магла быць і большай. Але восенню 2018 года бізнесовец перадаў паводле дамовы дарэння Службе бяспекі прэзідэнта 9 транспартных сродкаў. Сярод іх – мадэрнізаваны аўтамабіль «ГАЗ-69» 1960-х гадоў, чорны кабрыялет «Chevrolet Impala» 1958 года выпуску, два «Maybach» 62S, а таксама матацыклы «Harley-Davidson» і «Jawa».

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Але жамчужынай гэтага падарунку стала кастамная машына «BCC Vintage RB» 2018 года выпуску. Агульны кошт падоранай тэхнікі ацэньваецца на $ 1,247 млн. Варта сказаць, што на падобных машынах быў заўважаны Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, 12 кастрычніка 2018 года ён вазіў Уладзіміра Пуціна на «ГАЗ-69» па пустых вуліцах аграгарадка Александрыя ў Шклоўскім раёне.

Для таго, каб зразумець, з чым звязаны шырокі жэст, расследавальнікі вырашылі ўспомніць, колькі прэферэнцыяў Алексін атрымаў ад Лукашэнкі напярэдадні падарунку.

Сапраўды, 2018 год аказаўся вельмі ўдалым для Аляксея Алексіна і ягонага бізнесу. У лютым з яго кампаніяй «Энерга-Оіл» быў падпісаны інвестыцыйны дагавор на стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі ў тытунёвай сферы. Такое рашэнне прынялі пасля нарады ў Лукашэнкі.

З чэрвеня «Энерга-Оіл» атрымаў права ўвозіць у краіну цыгарэты. Раней такая прэферэнцыя была выключна ў прадпрыемства Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

А ўжо ў ліпені Аляксандр Лукашэнка сваім указам змяніў межы Менску, каб бізнесовец мог пабудаваць уласную тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака» у прамзоне Шабаны.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

На гэтым плюшкі не скончыліся. Са жніўня «Энерга-Оіл» стаў адзіным аператарам продажу тытунёвых вырабаў Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Кампанія забрала сетку спецыялізаваных кіёскаў для продажу цыгарэтаў – «Тытунь», якая належыць дзяржпрадпрыемству, і на базе якой пачала будаваць сваю ўласную сетку пад брэндам «Табакерка».

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Цяпер «Энерга-Оіл» пазіцыянуе сябе як № 1 на тытунёвым рынку Беларусі і ацэньвае сваю долю на 40 %. Кампанія кантралюе збыт двух з трох беларускіх тытунёвых фабрык. Выручка «Энерга-Оіл» за мінулы год павялічылася на траціну і склала больш за $ 600 млн.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат
Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

Адкуль у Алексіна зʼявіўся капітал? «Энерга-Оіл» паўстаў на базе «Трайпл-Энерга» у лютым 2013 года. Але гэтаму папярэднічалі даволі скандальныя падзеі. Рэч у тым, што першапачаткова Алексін вёў бізнес з вядомым у мінулым беларускім алігархам Юрыем Чыжом, калі ўліўся ў ягоны холдынг «Трайпл» у пачатку нулявых гадоў. Партнёры атрымалі поспех у нафтавым бізнесе. У сакавіку 2012 года Рада Еўразвязу ўвяла санкцыі ў дачыненні Чыжа і ягоных шматлікіх кампаніяў.

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

У гэты ж час структуры «Трайплу» ўдзельнічалі ў схемах з распушчальнікамі, чым выклікалі незадаволенасць у расейскіх уладаў. Адначасова з гэтым паміж Чыжом і Алексіным узніклі непаразуменні, якія абярнуліся разводам. Адным з актываў, які адышоў Алексіну, стаў якраз «Энерга-Оіл». Але неўзабаве бізнесовец ледзь не страціў усё. У кастрычніку 2013 года Алексіна затрымалі ў якасці падазраванага ў справе намесніка старшыні «Белнафтахіму» Уладзіміра Волкава, аднак бізнесовец здолеў выйсці сухім з вады і пачаў паступова пашыраць свой уплыў.

Улетку 2021 года ўжо сам Алексін трапіў пад санкцыі ЕЗ за блізкасць да Лукашэнкі. Але ён да таго моманту зрабіў крокі на апярэджанне. У пачатку 2021 бізнесовец перапісаў свае ключавыя актывы на сыноў. Раней разам з жонкай ён кантраляваў СЗАТ «Энерга-Оіл» і ТАА «Белнафтагаз». Потым яго не стала сярод уладальнікаў гэтых кампаніяў.

Расследaванні
Як літоўскія бізнесоўцы зарабляюць свае багацці на беларускім каліі
2021.11.24 14:00

Наколькі эфектыўныя былі маніпуляцыі? Супраць амерыканскіх санкцыяў – толькі часткова. У жніўні 2021-га ЗША наклалі санкцыі персанальна на Алексіна і ягоныя актывы – «Энэрга-Оіл», «Белнафтагаз», «Інтэр Табака», хоць фармальна яны яму ўжо не належалі. А вось у ЕЗ усё аказалася не так сумна для алігарха.

Напрыклад, у Латвіі працуюць кампаніі «Latgales Alus D» (вытворчасць піва) і «Mamas D» (вытворчасць біядызельнага паліва). Гэтым летам яны перайшлі пад поўны кантроль партнёраў сямʼі Алексіных, што цалкам задаволіла МЗС Латвіі: «Аляксей Алексін не мае прамога дачынення да «Mamas D» і «Latgales Alus D», таму накладзеныя санкцыі не распаўсюджваюцца на рэальнага бенефіцыяра кампаніі».

Графіка з праграмы «Давайце разбірацца» / Белсат

«Калі санкцыі не былі яшчэ настолькі жорсткія, Латвія была той краінай, якая змагалася супраць уключэння спадара Алексіна ў спіс санкцый, – кажа кіраўніца Цэнтру журналісцкі расследаванняў «Re:Baltica» Саніта Ембэрга. – Я, памятаю, тады цікавілася ў дыпламатаў, чаму такая падтрымка. І неафіцыйны адказ быў, што трэба думаць таксама пра працоўныя месцы. Гэта Латгалія дэпрэсіўны рэгіён і ўсё такое. Але цяпер, калі Алексіна ўключылі ў гэты спіс, латышскія ўлады інтэрпрэтуюць гэта так, што санкцыі датычаць толькі яго. У Латвіі, калі жонка ці сын валодаюць прадпрыемствам, санкцыі іх не датычаць. Толькі мусіць быць пацвярджэнне, што грошы не даходзяць да Алексіна, што трошкі смешна».

Калаж з фота: DIDOR SADULLOEV / Reuters / Forum; TUT.by

belsat.eu