Сілавікі затрымалі бацькоў, а дзяцей трох і сямі гадоў кінулі на вуліцы


Аляксандр Канановіч працаваў на ААТ «Беларуськалій». Першы раз яго затрымалі 20 чэрвеня ў Менску. Прычынаю стала саколка з гербам Пагоня. Пра пераслед сям’і – у праграме «Беларускі свет».

На судзе Аляксандра Канановіча абвінавацілі ў непадпарадкаванні і аштрафавалі. Другі раз Аляксандра пасадзілі ў аўтазак падчас прагулкі з сямʼёй па родным Салігорску. Міліцыянты проста падышлі і сказалі, што мужчына затрыманы. Ні за што. Вынікам сталі 5 содняў арышту ў камеры, якую тройчы на дзень апрацоўвалі хлёркай. Спецыяльна шукалі бамжоў, каб пасадзіць з Аляксандрам.

«Не так даўно быў зліў кіберпартызанаў, Шаравар (начальнік Салігорскага РАУСу. – Рэд.) дакладваў, як мяне і яшчэ аднаго хлопца тры разы на дзень хлёркай апрацоўвалі», – узгадвае Аляксандр.

Трэці раз мужа і жонку Канановічаў схапілі разам, 9 жніўня 2020 года. Наш герой быў незалежным назіральнікам на выбарах. Малых дзяцей міліцыянты пакінулі адных на вуліцы, а бацькоў забралі. Вольга потым была яшчэ двойчы затрыманая. На рашэнне суда яе аштрафавалі на 10 і 80 базавых. І гэта ў сямʼі, дзе маленькія дзеці і маці ў дэкрэтным адпачынку. Мінулай вясной прадстаўнікі правапарадку ў поўным экіпаванні прыйшлі да Канановічаў дадому ў выходны дзень – з ператрусам. Вольгу падазравалі ў абразе дырэктара «Беларуськалію».

«Грукат у дзверы: «Адчыняйце, гэта АМАП». Санкцыя на вобшук была праз тое, што я ў сацсетках абразіла дырэктара «Беларуськалію». Яго паказалі ў фашысцкай форме. Я была падазраваная. У мяне правялі вобшук. Я не ведаю, што яны хацелі знайсці, яны забралі ўсю тэхніку, забралі нейкія дакументы, нейкія паперы. Я думала, на гэтым усё. Яны, такія: «Ідзіце за намі», – расказвае Вольга.

Пасля ператрусу яе зноў забралі. Гэтак магло працягвацца бясконца. Сямʼя прыняла рашэнне пакінуць Беларусь. Цяпер Канановічы жывуць у Кёльне.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Пачаць сваю справу за мяжой;
  • Як у Італіі абʼяднаць паўтары тысячы беларусаў;

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» у аўторкі а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu