Мігранты прадаюць наркотыкі ў Менску


Яны могуць знішчыць цела і розум асобнага чалавека, а могуць разбурыць цэлую дзяржаву. Могуць палегчыць пакуты і прынесці вялікія грошы, а разам з тым – няшчасці і нянавісць. Іх нельга ўзяць і забараніць. Яны небяспечныя таму, што гэта ў нашай чалавечай прыродзе. Нашая сённяшняя тэма – наркотыкі і наркатрафік, ува ўсім свеце і ў Беларусі.

«Згарэў гараж – гары і хата!» Абсалютнае бяспраўе, прававы вакуум, створаны сілавікамі Лукашэнкі ў Беларусі, цяпер датычыць не толькі правоў беларускіх грамадзянаў і абароны мяжы. Арганізаванае сілавікамі парушэнне памежнага заканадаўства – спецаперацыя «Шлюз» – пацягнула за сабою новыя тыпы злачынстваў.

«Мігранты цяпер спакойна ў Менску ў цэнтры гораду гандлююць наркотыкамі. Нам трапляюць паведамленні ад грамадзянаў, якія бачаць, як у цэнтры гораду наркотыкі прадаюць. І беларуская міліцыя на гэта не рэагуе. Як вы чулі ў нашым расследаванні, міністр сказаў мігрантаў не чапаць. Адпаведна, яны робяць, што хочуць, здзяйсняюць любыя злачынствы», – распавёў «Белсату» прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL», які раней узначальваў аддзел у ГУБАЗіК – Галоўным упраўленні барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС РБ.

Міф пра бяспечную і стабільную Беларусь можна лічыць разбураным. Нашая дзяржава трапіла пад асаблівую ўвагу службаў бяспекі Еўразвязу ў сувязі з арганізаванаю масаваю нелегальнаю міграцыяй і спадарожным узроўнем злачынстваў. Гэта вынікае са справаздачы, на якую спасылаецца ўплывовы еўрапейскі часопіс «EUobserver» у артыкуле пра буйны міжнародны наркатрафік.

«Турцыя і Заходнія Балканы названыя перавальнымі пунктамі для кантрабанды мігрантаў, у супрацы з бандамі ў Беларусі, Грузіі, Расеі ды Украіне… Турцыя застаецца ключавою краінаю транзіту гераіну ў Еўразвяз, як па балканскім, так і паўднёва-каўказскім маршруце. Украіна, Беларусь і Азербайджан выкарыстоўваюцца як склады гераіну, кіраванага ў Еўразвяз», – напісана ў артыкуле.

«Агулам за наркатрафікам сочаць пэўныя службы, але цяпер у Беларусі пастаўленая задача – барацьба з людзьмі, апазіцыйна настроенымі, з іншадумствам», – падкрэслівае Аляксандр Азараў.

У багатую Еўропу ідзе плынь гераіну з Афганістану – і з прыходам да ўлады талібаў яна толькі павялічылася – і какаіну з Лацінскай Амерыкі, тлумачыць доктар Яцэк Раўба, спецыяліст у міжнароднай бяспецы (Познань): «Мы бачым гэта па вельмі моцнай прысутнасці наркакартэляў з Паўднёвай Амерыкі, з Мексікі. Напрыклад, у Нідэрландах і Бельгіі, у кааперацыі з мясцовымі крымінальнымі структурамі».

Але давайце па парадку.

Паводле ўздзеяння на чалавека, наркотыкі можна падзяліць на апіёіды кшталту гераіну; псіхадэлікі – як псілацыбін і ЛСД; канабіноіды – перадусім гэта марыхуана; дысацыятыўныя рэчывы, што выклікаюць пачуццё адчужэння ад рэчаіснасці; эмпатагены кшталту экстазі; стымулятары кшталту амфетамінаў; і дэпрэсанты, сярод якіх у нас вядомы буцірат.

У інтэрнэце можна знайсці дастаткова відэа, каб пабачыць эфект дзеянняў гэтага буцірату ці іншых наркотыкаў на чалавека. Але падзел даволі ўмоўны: чорны рынак поўны наркотыкаў на любы густ, з камбінаванымі эфектамі і рознага паходжання.

«Усе яны адрозніваюцца коштам, узроўнем даступнасці. Нейкія лічацца элітнымі, нейкія – дваравымі, аптэчнымі», – распавядае Аляксандр Байчук, загадчык аддзялення клінікі «Полінар» у Адэсе.

Навошта людзі пхаюць у сябе гэтыя рэчывы?

Як тлумачыць псіхіятр-нарколаг Аляксандр Байчук, нарказалежным можа стаць любы чалавек, любога дастатку і сацыяльнага паходжання. Дастаткова разок паспрабаваць, асабліва ў момант жыццёвых непрыемнасцяў.

«Мозг пачынае адчуваць эфект узнагароджання, эфект эйфарыі, зняцця ўсіх эмацыйных перажыванняў», – тлумачыць спецыяліст.

Пасля прыёму наркотыку чалавеку здаецца, што ён мае кантроль над сваім целам, можа ў любы момант падняць сабе настрой. Але, прымаючы гэтае рэчыва, не можа крытычна і рацыянальна ўспрымаць свайго стану ды трапляе ў псіхалагічную пастку.

«Сістэма любога чалавека, калі ён трапляе ў дыскамфорт, актывуецца дафамінавая пошукавая сістэма. Трэба хутка знайсці выйсце са складанай сітуацыі. І калі гэты выхад ляжыць перад табой і зараз табе дасць жаданы ды чаканы эфект, то гэтае дзеянне будзе адчувацца як эфектыўнае. І запомніцца яно як эфектыўнае. Але яно эфектыўнае ў двукоссях. Бо потым выклікае цэлы комплекс наступстваў», – распавядае Аляксандр Байчук.

А ўсе негатыўныя эфекты залежны чалавек не перамагае, а хаваецца ад іх ва ўтульны свет наркотыку. Ну як утульны – толькі спачатку. На наркотыкі трэба немалыя грошы, таму залежны часта становіцца злачынцам, толькі каб атрымаць чарговую дозу. А цела і розум ужо не тыя, што раней.

«Што да нарказалежных, яны, калі трапляюць у ізаляцыю, вельмі лёгка свае каналы распавядаюць. Даведацца пра гэтыя каналы, гэтыя механізмы не складана», – кажа беларускі праваабаронца Васіль Завадскі, які добра ведае тэму залежных людзей.

«15 гадоў таму было вельмі шмат опіумных наркаманаў, якія прымалі опіумны раствор, класічныя стымулятары. А цяпер усё змяшчаецца ў бок сінтэтычных наркотыкаў. Больш танных і дасяжных», – распавядае Аляксандр Байчук.

Вы хіба бачылі надпісы на сценах дамоў з рэкламаю тэлеграм-каналаў і словамі «солі» ды «спайсы». Гэта яны – група сінтэтычных наркотыкаў з розным хімічным складам.

«Гэтае рэчыва ўвесь час мадыфікуецца. Калі заканадаўча забараняецца адна формула, яны формулу мяняюць, і новае рэчыва, якое забароненае, ужо не забароненае», – тлумачыць схему працы вытворцаў «спайсу» Аляксандр Азараў.

Чым цяжэй жыццё навокал, тым больш наркамана цягне да новай дозы. І нават пасля ачысткі арганізму ў клініцы застаецца моцная псіхалагічная залежнасць.

«Тая ўзнагарода, якую дае мозг за ўжыванне, – дастаткова моцны матыватар. Цягне людзей да паўтарэння гэтых прыемных перажыванняў. Фізічная залежнасць на сённяшні дзень асвоеная, ёсць тэхналогія, як здымаць яе практычна без болю», – падкрэслівае Аляксандр Байчук.

Але як змагацца з наркаманіяй? У Беларусі пайшлі шляхам жорсткага заканадаўства. Сумна вядомы артыкул 328 Крымінальнага кодэксу азначае вялікія турэмныя тэрміны нават для дробных спажыўцоў наркотыкаў – па 8–10 гадоў за малыя аб‘ёмы наркатычных рэчываў. Затое следчыя органы маюць высокія паказнікі раскрывальнасці.

«Няма незалежных судоў. І, па вялікім рахунку, усё, што яны там напішуць у сваіх дакументах, суд прымае на веру. У зняволенне трапляюць шмат маладых людзей, няпоўнагадовых. Людзей, якія маюць невялікую колькасць наркотыкаў для сябе, як там кажуць, за пыл у кішэнях», – падсумовае праваабаронца Васіль Завадскі, які раней працаваў у сістэме адбывання пакаранняў.

Ён перакананы, што наркабізнес у Беларусі мае моцнае карупцыйнае прыкрыццё: «Крышуюцца» менавіта высокапастаўленымі чыноўнікамі, у тым ліку і з сілавых структураў. Недарэмна, хоць і рэдка, але і ў нашай краіне былі выпадкі, калі прыцягваліся супрацоўнікі, якія працуюць у аддзелах наркакантролю».

Праваабаронца кажа пра нашумелую «справу 17-ці», ці «справу Канстанціна Вілюгі». Наркабанда мела абарот $ 1,6 МЛН на продажы спайсаў праз ананімную онлайн-аплату, тайнікі-закладкі. Малады Канстанцін Вілюга быў названы кіраўніком арганізацыі ды атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі.

«Суд першай інстанцыі фактычна прыйшоў да высновы, што ў Беларусі ўсё ж такі існавала наркамафія. Галоўны момант ува ўсёй гісторыі – тое, што асноўнымі абвінавачванымі ў справе праходзілі працаўнікі праваахоўных органаў», – распавядаў тады крымінальны журналіст Віктар Федаровіч, які ўважліва сачыў за працэсам.

Працаўнікі праваахоўных органаў не толькі палявалі на канкурэнтаў наркабанды.

«Там былі прыцягнутыя два працаўнікі КДБ і працаўнік ГУБАЗіК, у якога гэты Вілюга быў агентам. Была атрыманая інфармацыя, што ён плаціў грошы гэтым працаўнікам для экспертызы ды атрымання інфармацыі, якія рэчывы ўжо забароненыя, а якія яшчэ не забароненыя», – нагадвае прадстаўнік «BYPOL».

Кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў – цяпер намеснік міністра ўнутраных справаў – тады настаяў, каб суд быў часткова закрытым, пакуль ён ды іншыя працаўнікі ўпраўлення будуць даваць паказанні. Прайшло некалькі гадоў – і тэрміны звальнення сілавікоў былі моцна скарочаныя.

«Я ўпэўнены, што гэта асноўная прычына распаўсюду наркотыкаў. Тое, што яго «крышуюць» самі сілавыя структуры», – кажа Васіль Завадскі.

Каб дзяржава ператварылася ў базу наркабаронаў, дастаткова, каб яна была на выгадным шляху наркатрафіку і каб дзяржаўныя інстытуты не працавалі так, як належыць. Бо гэты нелегальны бізнес звычайна мае дастаткова рэсурсаў, каб падкупіць ці запужаць маральна слабых праваахоўнікаў – тых, хто мусіць абараняць грамадства. А часам кіраўніцтва дзяржавы і так дастаткова карумпаванае, таму ахвотна сядае на плыні грошай і наркотыкаў.

І цяпер Беларусь – у групе рызыкі.

«У палітычна нестабільных дзяржавах пад санкцыямі, дзе палітычныя эліты пераплеценыя са спецслужбамі, вельмі верагоднае заснаванне структуры, якая будзе каапераваць з арганізаванаю злачыннасцю. Гэта можа быць кантрабанда людзей ці чагосьці іншага. Усё, што дае магчымасць высокага прыбытку ва ўмовах ціску міжнароднай супольнасці», – нагадвае доктар Яцэк Раўба.

Адмысловец прыводзіць у прыклад самую закрытую дзяржаву свету – КНДР, якая на дзяржаўным узроўні супрацоўнічае з азіяцкаю наркамафіяй у трафіку гераіну, будучы пад санкцыямі ледзь не ўсяго цывілізаванага свету. Улады Паўночнай Карэі не толькі гандлююць наркотыкамі ў свеце, але і стымулююць да ўжывання сваіх грамадзянаў – перадусім будаўнікоў вялікіх дзяржаўных аб’ектаў. Ёсць інфармацыя, што амаль кожны другі жыхар КНДР прынамсі аднойчы прымаў наркотыкі.

А Беларусь? 26-га траўня Лукашэнка паабяцаў, што ў адказ на заходнія санкцыі на нашай мяжы перастануць спыняць нелегальных мігрантаў і наркатрафік.

Наркотыкі ўжо былі гібрыднаю зброяй у гісторыі.

У 19-ым стагоддзі, каб змяніць дысбаланс на рынку гарбаты, шаўкоў і парцаляны, Брытанская Ост-Індская кампанія заваліла Кітай індыйскім опіумам, які прадавалі за срэбра. У Кітаі стала менш каштоўных металаў і катастрафічна шмат наркаманаў. Калі кітайскія ўлады канфіскавалі кантрабанду опіуму, брытанскі флот пачаў вайну, якая скончылася паразай імперыі Цін і перадачаю Гон-Конгу Брытанскай імперыі пажыццёва.

Пра Гон-Конг і Кітай мы распавядалі ў «Глабальным пытанні» у кастрычніку.

«Гэта вельмі небяспечна, бо частка наркотыкаў заўжды застаецца ў грамадстве на шляху кантрабанды. Напрыклад, праз гэта прайшла Мексіка», – тлумачыць Яцэк Раўба.

Часта менавіта працаўнікі антынаркатычных падраздзяленняў узначальваюць наркамафіі.

«Яны ведаюць схемы і метады перапраўкі, ведаюць людзей, у іх агентура таксама ёсць: тыя ж людзі, што перапраўляюць наркотыкі, могуць быць і агентамі», – кажа Аляксандр Азараў.

«Калі хоць раз скарыстаць гэты спосаб, хоць раз адчуць смак гэтых гіганцкіх грошай, бо арганізаваная злачыннасць мае гіганцкія грошы з наркатрафіку, то скарумпаваныя палітычныя эліты і спецслужбы проста так з гэтага не выйдуць, а арганізаваная злачыннасць не выйдзе з гэтага краю», – папярэджвае Яцэк Раўба.

«Ці можна перамагчы наркамафію? Любую мафію можна перамагчы, галоўнае, не даць ёй разрасціся да такіх памераў, як у фільме «Спрут». Яе трэба душыць у зародку. Таму нам трэба гэтым займацца. Мы іх пераможам. Я мяркую, у нас такой мафіі яшчэ няма, і яе не мусіць быць», – упэўнены Аляксандр Азараў.

Наркатычная залежнасць і бізнес на чалавечых слабасцях – гэта не тое пытанне, на якое ёсць просты і хуткі адказ. Але інфармацыя – гэта таксама зброя. Таму будзьма свядомымі адносна глабальных пагрозаў.

Калаж з фота: скрыншот з вiдэа Sputnik Беларусь / YouTube