Кіраўнік РАУС – жонцы палітвязня: «Яго пасадзілі – і цябе пасадзім». І пасадзіў. Малыя дзеці засталіся без бацькоў


Юлія ды Ігар жылі ў вёсцы Белавусаўшчына, што каля Пружанаў. Яна бібліятэкарка, ён будаўнік. Інтэлігентная сям’я, гадавалі траіх дзяцей – дзевяці, дзесяці і дванаццаці гадоў. І разам жа іх засудзілі ў гэтак званай карагоднай справе. Ужылі крымінальныя артыкулы: яму далі 2,5 года калоніі, ёй – «хатнюю хімію». Наш аператар з’ездзіў да Юліі ды ейнай сямʼі, але яго схапілі, а матэрыял знішчылі. І таму адзінаю магчымасцю паразмаўляць пра жыццё сямʼі і даведацца, чым трэба дапамагчы, была размова онлайн. І цяпер мы паразмаўляем з Юляю пра жыццё, праблемы і нашую беларускую салідарнасць.

На мітынгу для падтрымання Святланы Ціханоўскай, жнівень 2020 года.
Фота: сямейны архіў герояў

«Далі мужу 2,5 года калоніі за «актыўны ўдзел, што груба парушае грамадскі парадак», а мне далі 3 гады «хатняй хіміі» паводле гэтага ж артыкулу, а мужу яшчэ плюс паводле 188-га. Складанне пайшло. Гэта «паклёп» на выбарчую камісію, якая ў нас тут у вёсцы была на выбарчым участку № 14 Белавусаўшчыны. У тэлеграм-канале былі размешчаныя камісіі, што фальсіфікуюць выбары і былі ўскосна датычныя да смерці людзей пасля выбараў. І нібыта заявілі, што гэта напісаў мой муж. Напэўна, пяць ператрусаў ужо прайшло. Забіралі нават тэхніку дзяцей. Мне асабіста ўвесь час начальнік РАУС кажа, што ён забярэ дзяцей: «Я пасадзіў твайго мужа, я пасаджу цябе – і дзеці твае пойдуць у дзіцячы дом!» – расказвае Юля.

Гераіня прызнаецца, што сілы ёй даюць толькі дзеці.

У Беларусі працягвае адбывацца беззаконне. Як толькі мы скончылі запісваць гэтае інтэрвʼю з Юляй, яе арыштавалі.

Hавiны
«Карагоднікам» дадаюць яшчэ адзін крымінальны артыкул, вядома мінімум пра чатыры выпадкі
2021.10.18 15:47

Трое няпоўнагадовых дзяцей забрала бабуля, маці Юліі. Цудам нам удалося запісаць каментар спадарыні Таццяны.

«Юлю затрымалі 13 кастрычніка. Гэта было вельмі нечакана і для мяне… Першыя трое содняў была ў Берасці ў ІЧУ. Цяпер яе перавялі ў следчы ізалятар Берасця № 7. Пасля таго як яе забралі, адразу прыехала апека, каб высветліць, што рабіць з дзецьмі. На гэты момант дзеці ў мяне, мы паволі афармляем апеку над імі. Крыху камень з душы спаў, што ўсё ж такі маё дзіця засталося цвёрдае сваёй волі. Яна трошкі акрыяла духам. Радая, што маё дзіця ведае, чаго яно хоча ад гэтага жыцця. Самая галоўная мэта – мае ўнукі. І падтрымліваць абаіх дзяцей – і дачку, і зяця. У першыя содні пасля таго як затрымалі Юлю, я не ведала, што далей рабіць. Але ёсць людзі, якія самі знайшлі нас, самі прапанавалі дапамогу, падтрымку… І маральную, і матэрыяльную. Таму я вельмі, вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія адгукнуліся на нашую бяду…» – дзеліцца спадарыня Таццяна.

Нашы героі вельмі сціплыя, сапраўдныя беларусы. Яны не скажуць, але я скажу: нашай гераіні і ейнай сям’і сапраўды патрэбная падтрымка. Дапамагчы можна з любога пункту свету. Публічна ці ананімна, напісаўшы да нас.

Малодшы сын Ігара гладзіць сабаку, які ўсё чакае, калі гаспадар вернецца.
Фота: «Беларус беларусу»

А яшчэ я маю асабістую просьбу да вас, нашыя гледачы. І я веру ды ведаю, што гэта дапаможа нашым героям. Калі ласка, усе тыя, хто ліставаў да нас і прапаноўваў сваю падтрымку і дапамогу, зрабіце гэта яшчэ раз! Бо ў часе рэпрэсіяў у мэтах бяспекі мы знішчылі ўсё ліставанне. Дзякуй за вашую салідарнасць. І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.