Бізнесовец адкрыў схему гандлю пасведчаннямі ў КДБ


Здымачная група «Маю права» сустракаецца ў Вільні з Аляксандрам Грачышнікавым. Ён былы бізнесовец, актывіст «Народнай грамады», «кандыдат пратэсту» на выбарах-2020, былы кандыдат у дэпутаты. У траўні 2021 года быў вымушаны з’ехаць у Літву разам з жонкаю і двума дзецьмі.

«Тут, у Вільні, я апынуўся сёлета 23 траўня, якраз калі пасадзілі самалёт «Ryanair», – пачынае свой аповед спадар Аляксандр. – Я скарыстаўся тым акенцам, якое ўзнікла ў сувязі з замяшаннем у час затрымання ў аэрапорце. Якраз тады мне разам з сям’ёй атрымалася выехаць».

У палітыцы Аляксандр Грачышнікаў даўно. Да 2020 года ён 6 разоў балатаваўся ў дэпутаты: у Палату прадстаўнікоў і ў Менскі гарадскі савет дэпутатаў. Калі з’явілася праграма Міколы Статкевіча «Кандыдаты пратэсту», наш герой разам з аднапартыйцамі прыняў рашэнне вылучыцца як «кандыдат пратэсту» ды падалі свае дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Мaю прaвa
Былы студэнт пра затрыманне, пераслед і ратаванне за мяжою
2021.10.01 18:05

«Мы, вядома, пасля першых адмовах ЦВК пайшлі ў Вярхоўны Суд, каб апратэставаць рашэнне выбарчай камісіі. Але ў судах пачалі адбывацца неверагодныя парушэнні заканадаўства, нашых пачалі затрымліваць проста ў залах судоў», – прыгадвае тыя падзеі А. Грачышнікаў.

Затрымалі Аляксандра разам з Паўлам Севярынцам 7 чэрвеня 2020 года ля Камароўскага рынку, калі яны сыходзілі пасля пікету. Аляксандра Грачышнікава пакаралі 15-дзённым арыштам паводле арт. 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Аляксандр мае даволі сур’ёзную траўму спіны, ён прасіў у ахоўнікаў ізалятару дазволу часам прысесці, каб зменшыць нагрузку на хрыбетнік.

«На гэта мне адказалі: «Так, ну ты, Грачышнікаў, скардзіўся ў нас на боль у спіне, вы тут у нас усе інваліды. Як у турму трапляеце, дык адразу «левыя» даведкі прыносіце. Вось мы будзем цябе лекаваць». Я пытаю: «Цікава, як гэта?» – «Ну, як: двое содняў карцара!»

Мaю прaвa
Які суддзя найбольш адданы Лукашэнку?
2021.10.15 17:50

Аляксандр таксама распавёў карэспандэнту «МП», што калі шчыльна наблізіўся да ўладных колаў, займеў магчымасць абзавесціся пасведчаннем супрацоўніка КДБ.

«Я мог прайсці на любыя заводы-параходы. Мяне не мелі права даглядаць, спыняць або нешта іншае. Пасведчанне чыпаванае, з ім усё ў парадку, – распавядае А. Грачышнікаў. – У адзін момант мяне прызначылі кіраўніком нейкага аддзелу, вось тады мне і выдалі гэтае пасведчанне, каб мне было прасцей развязваць свае пытанні камерцыйныя і іншыя».

Мaю прaвa
Як КДБ спрабуе вербаваць беларусаў
2021.10.22 18:15

Аляксандр распавёў, што гэтыя пасведчанні папросту прадавалі «сваім» людзям. Каштавала яно 500 рублёў. Вядома, што проста ў кіёску яго немагчыма было набыць. Не, купіць маглі толькі тыя, у каго былі сувязі на самым версе ўлады. Калі Аляксандр Грачышнікаў выкрыў схему продажу пасведчанняў, то напісаў заяву ў КДБ. Камітэт дзяржбяспекі праводзіў праверку паводле заявы Аляксандра, нават спрабаваў забраць ягонае пасведчанне. Аднак асоба, якая займалася гандлем, не панесла аніякага пакарання. Спадару Аляксандру папросту адказалі: «Мы з ім паразмаўлялі, і ён адказаў, што больш не будзе гэтак рабіць».

Мaю прaвa
У Наваградку міліцыянты шукалі лялькавода – знайшлі музей
2021.04.09 20:05

Але 25 чэрвеня 2020 г. супраць Аляксандра распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае арганізаванаю групай або ў асабліва буйным памеры»). Прадстаўнік Аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі напісаў на нашага героя заяву, нібы ён даў Аляксандру 60 000 долараў. Пры гэтым не было аформлена ніякіх адпаведных папераў. Судовую справу некалькі разоў распачыналі і прыпынялі. У выніку справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства, якога, між іншага, і не было.

«У мяне была свая крама каля 800 м2, у мяне быў свой невялічкі аўтасэрвіс, быў спартовы клуб, у якім займаліся дзеці, бізнес па станочнай лініі, пастаўлялі станкі па ўсёй рэспубліцы, – кажа спадар Аляксандр. – Усё гэта давялося пакінуць, гэта ўсё забралі, усё зруйнавалі. Усё давялося кінуць. Мяркую, усё ўжо расцягнулі».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Ведай свае правы! … Адмысловец пра запіс так званых пакаяльных відэа

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.