Лукашэнка павінен баяцца: Украіна ўражаная адвагаю Батальёну Каліноўскага


Беларусы Віктар Савіч і Зміцер Кулакоў трапілі пад каток рэпрэсіяў у Беларусі ды мусілі пакінуць радзіму. Калі Расея пачала ўварванне ва Украіну, яны запісаліся ва ўкраінскае войска і трапілі ў Батальён імя Кастуся Каліноўскага. «Маю права на жыццё» працягвае распавядаць гісторыі добраахвотнікаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага ўжо браў удзел у баях, і Збройныя сілы Украіны адзначылі адвагу беларускіх добраахвотнікаў, назваўшы каліноўцаў сапраўднымі ваярамі.

Віктар Савіч

Віктар Савіч – грамадскі актывіст, прадстаўнік «Сходу», у апазіцыі – з 2006 года. Да выбараў атрымаў 3 штрафы, было некалькі арыштаў, пасля выбараў адседзеў 16 содняў.

«4 ліпеня выбілі 6 зубоў мне, білі шклом у твар. Хлопцы ў цывільным падышлі і спыталі, як прайсці да вакзалу. Міліцыя сказала, што пабоі сам сабе нанёс. Гэта было ў ліпені. Гэта мяне не спыніла», – распавядае Віктар.

9 верасня на Віктара завялі крымінальную справу за нібыта спробу забіць суддзю: справа развалілася, але актывіст усё роўна быў затрыманы, адседзеў 15 содняў паводле сфабрыкаваным закліку да масавай акцыі. Крымінальную справу закрылі, праз 2 месяцы пачалі новую – за абразу. Наш герой да апошняга заставаўся ў Беларусі і нелегальна перайшоў мяжу з Літвою толькі ў ліпені 2021 года, калі папярэдзілі, што рыхтуецца ягоны арышт.

Мaю прaвa
Беларускага добраахвотніка хацелі аддаць у Беларусь. СБУ распачало справу па факце дзяржаўнае здрады
2022.04.23 11:00

Калі Расея напала на Украіну, Віктар ужо праз некалькі дзён паехаў у Кіеў, каб уступіць у шэрагі добраахвотнікаў: адчуваў абурэнне і адказнасць за тое, што расейскія войскі ўваходзілі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі:

«Тое, як павядуць сябе беларусы сёння, вызначыць стаўленне да іх на найбліжэйшыя 300 гадоў».

Віктар служыць у Батальёне імя Кастуся Каліноўскага. Кажа, што хацеў бы выкарыстаць набыты досвед, каб вызваліць Беларусь, і пагражае сілавікам Лукашэнкі, што «ў іх зямля будзе гарэць пад нагамі».

Мaю прaвa
«Я быў супраць сілавога рашэння». Гісторыя беларуса з батальёну Каліноўскага
2022.04.15 11:00

Зміцер Кулакоў

Змітра Кулакова першы раз затрымалі ўлетку 2020 года, яшчэ да збору подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнцтва. Наступнае затрыманне адбылося 9 жніўня:

«Далі 10 содняў па сфабрыкаванай справе нібыта за абразу супрацоўніка і непадпарадкаванне. 10 дзён у адзіночцы я правёў, да 19 жніўня, а з 19 жніўня даведаўся, што на мне – крымінальная справа».

Вырак суда – 3,5 года «хіміі». Наш герой пастанавіў нелегальна ўцякаць з Беларусі, але ўдалося яму гэта толькі з другога разу: пры першай спробе быў затрыманы памежнікамі, якія перадалі яго адразу на «хімію», дзе ён правёў 7 месяцаў.

Артыкулы
«Я, напэўна, першы палітычны «хімік», які збег». Зміцер Кулакоў пра жыццё і ўцёкі са шклоўскай «хіміі»
2021.08.24 15:30

Да службы ва ўкраінскім войску Змітра падштурхнула відэа з дзіцём пад заваламі. Жонка падтрымала нашага героя, хаця адпускаць мужа на вайну было нялёгка. Так мужчына трапіў у Батальён імя Кастуся Каліноўскага, дзе цяпер трэнуецца.

Зміцер прызнаецца, што сумуе па сямʼі, але гэта «стымулюе хутчэй завяршыць вайну, хутчэй разбіць оркаў і жыць у мірнай краіне, якая не адчувае пагрозы звонку».

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 18:10 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.

Калаж з фота: Батальён Кастуся Каліноўскага / telegram