«Будзь пракляты Пуцін!» Дзеці супраць вайны


Памятаеце нашую гераіню – актывістку і артыстку Анастасію Шпакоўскую? Яна арганізавала беларускую школу ў Кіеве, дзе маглі вучыцца дзеці рэпрэсаваных беларусаў і працаваць рэпрэсаваныя настаўнікі. Яна прасіла дапамогі – сабраць сродкі, каб школка магла існаваць. І ў выніку, дзякуючы нашай праграме і збору на «BySol», школа ўтрымалася. Але пачалася вайна…

Беларус беларусу
Дапамагла сумленным настаўнікам, якіх рэпрэсаваў рэжым
2021.11.12 18:50

Літаральна за некалькі дзён да ўварвання расейскіх войскаў мы запісалі размову з Анастасіяй. Дзеці толькі ўзрадаваліся таму, што школа будзе.

«Былі складанасці. Звязаныя з тым, што тыя грошы, якія нам некаторыя бацькі плацяць… Бо не ўсе бацькі ўвогуле маюць магчымасць плаціць хоць нейкую лічбу. Нам не хапала. Нам не хапала вельмі значнай для нас сумы. І вось дзякуючы неабыякавым людзям, і «Белсату», і «BySol», і яшчэ многім асобам, якія былі ўражаныя нашай працай, нашымі вынікамі… І ўвогуле ідэяй стварэння такой школы. Знайшлі магчымасць дапамагчы нам. І гэтая справа мусіць жыць далей.

І, канечне, хочацца падзякаваць усім, хто неабыякавы да нашага праекту. І хто знаходзіць магчымасць дапамагчы нам і нашым беларускім дзеткам», – кажа Наста, заснавальніца першай беларускай онлайн-школы ва Украіне.

Перавагамі школы было тое, што вучнем можна было стаць з любога пункту свету, таксама яна давала дыплом і беларускі асяродак, што бясцэнна для дзяцей нашых вымушаных эмігрантаў.

Уварванне ва Украіну

Дзеці ў школцы не толькі маюць вучыць прадметы, але і выказваюць сваю грамадскую неабыякавую пазіцыю датычна вайны: «Мы, вучні першай беларускай школы ва Украіне, звяртаемся да дарослых Расеі і Беларусі. Спыніце вайну!»

Фота: Першая беларуская онлайн школа ва Украiне / Facebook

У часе рыхтавання матэрыялу мы даведаліся, што Анастасія ўратавалася разам з сям’ёй. І не толькі ўратавалася – але і працягнула сваю дзейнасць. Школа зноў адраджаецца. І працягвае існаваць і дзейнічаць. І ў школку могуць звяртацца не толькі семʼі з замежжа, але і з Беларусі. І працягваць там вучобу. Таму ўсе ахвотныя могуць звяртацца непасрэдна на сайт школы. Або прыватна да яе дырэктаркі Анастасіі Шпакоўскай: +375296254018 (viber, telegram).

«Мы паспелі з’ехаць з Кіева літаральна ў апошні момант. І вайна нас застала ўжо ў Львове. Большасць нашых дзяцей, вучняў першай беларускай онлайн-школы, з’ехала з Украіны. Але частка засталася там. І тое, што мы чытаем цяпер у нашых суполках, гэта вельмі балючы такі агляд вайны вачыма нашых дзяцей. Яны пішуць пра тое, як выбухаюць ракеты. Пра тое, як побач з домам ходзяць танкі. Карацей, гэта ўсё такі летапіс нашых жудасных сённяшніх дзён.

Мне, маёй сям’і, дзякуй, дапамога не патрэбная. Дапамога патрэбная шматлікім людзям, якія цяпер застаюцца ў гэтым жаху, якія збеглі з гэтага жаху. І, увогуле, ува ўсіх такая велізарная псіхатраўма. І мы разумеем, што гэта толькі пачатак вялікай вайны.

Нам трэба аб’яднацца, каб адстойваць сваё імя. Каб дапамагаць украінцам як мага грамчэй. Як мага магутней.

Нам трэба аб’яднацца, каб дапамагаць адно аднаму. Будзь пракляты Пуцін! Слава Украіне! І, я вельмі спадзяюся, Жыве Беларусь!

Гэта не было простай справай – сабраць сродкі на цэлую школу. На выкладчыкаў. На тэхнічнае абсталяванне. Але ў нас атрымалася гэта зрабіць. Цяпер жа гэтая школа пераехала!» – кажа гераіня.

Мы заклікаем бізнесоўцаў, якія хочуць падтрымаць беларускіх дзяцей у адаптацыі да новых месцаў жыцця, падтрымаць беларускую культуру і асяродак, які будуць мець эвакуяваныя беларусы, лістуйце да нас (гэта можна зрабіць публічна ці ананімна з любога пункту свету): belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.