Нявестка Лукашэнкі ў бізнесе на мільярды


Цесныя сувязі бізнесоўцаў з Аляксандрам Лукашэнкам – гэта ўжо не толькі гарантыя поспеху і выключных ільготаў, але і падстава для таго, каб трапіць пад санкцыі Еўразвязу. Як набліжаныя спрабуюць абысці санкцыі? Чаму частка сербскай будоўлі фінансуецца за кошт беларускага бюджэту? І якім чынам мастацкая галерэя, якою кіруе нявестка Лукашэнкі, уцягнутая ў падазроныя схемы? Высвятляем у праграме «Давайце разбірацца».

Фірма «Dana Holdings» трапіла пад абмежаванні Бруселю з фармулёўкаю «за падтрыманне рэжыму Лукашэнкі». З беларускімі ўладамі сербскае сямейства Карычаў звязвае даўняя гісторыя, якая паказвае: блізкасць да цела дазваляе атрымліваць аграмадныя прэферэнцыі і мець шалёныя прыбыткі.

Кампанія «Dana Holdings» зайшла на беларускі рынак у сярэдзіне 2000-х гг. амаль незаўважна і пачынала з будаўніцтва панэльных дамоў. Першыя дамы кампаніі былі з музычнымі назвамі: «Вівальдзі», «Чайкоўскі»…

«І першы дом быў сапраўды панэльным. На Валгаградскай пабудаваны, такі невыразны. Але ён зваўся прыгожа і добра рэкламаваўся. Даволі хутка быў набыты. Пасля гэтага яна будавала яшчэ пару такіх небуйных комплексаў, і першым комплексам, з якога пра яе і сталі ўсё гаварыць, стаў комплекс «Маяк Менску», – кажа Наталля Літоўская, экспертка ў сферы жылой нерухомасці.

З 2014 г. «Dana Holdings» пачынае свой самы грандыёзны праект коштам USD 3,5 млрд – «Менск Свет». На плошчы больш за 300 га каля старога аэрапорту будуецца 3 млн квадратных метраў жытла. Некаторыя дамы ўжо здалі.

Расследaванні
«Будаўніцтва на «халяўных» участках». Расследаванне «Белсату»
2021.02.18 19:30

Эксперты звяртаюць увагу на тое, што кампанія «Dana Holdings» нясе меншыя выдаткі ў параўнанні з іншымі забудоўнікамі. Да прыкладу, яны не плацяць за зямлю пад забудову.

«Цяпер участак пад будаўніцтва аднаго дому на апошніх гандляваннях сыходзіў у залежнасці ад абцяжаранняў за 3, 4, нават за 10 млн долараў. Гэта значыць, зямля даволі дарагая. І табе фактычна робяць падарунак на гэтую суму», – дадае экспертка ў сферы жылой нерухомасці Наталля Літоўская.

Пры мінімальных выдатках «Dana Holdings» атрымлівае вялізарныя прыбыткі. Так, кампанія прадала кватэру плошчаю 31,34 квадратнага метра амаль за USD 50 тыс. Пры гэтым яе выдаткі склалі больш за USD 10 тыс., а прыбытак – амаль USD 40 тыс. І гэта толькі на адной кватэры! Але ёсць бонусы і для пакупнікоў.

Давайце разбірацца
Хто прыкрывае махляроў у будаўнічай сферы?
2021.01.29 14:00

Прасочваюцца і больш шчыльныя сувязі сям’і Лукашэнкаў з Карычамі. Паводле стану на 2017 г. у адной з кампаніяў сербскага холдынгу «Дана Астра» працавала жонка Віктара ЛукашэнкіЛілія. Цяпер яна кіруе галерэяй «Арт Хаос», якая месціцца ў «Dana Mall». Гэтак, «Dana Holdings» ладзіць для пакупнікоў кватэраў адмысловую акцыю – карціна ў падарунак за набытую кватэру.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

Калаж з фота: Denis Kostyuchenko/BelTA/TASS/Forum, Sergei Sheleg / TASS / Forum, TUT.BY

belsat.eu