Што зрабіць, каб беларускае войска не ўцягнулі ў вайну супраць Украіны? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Няўлоўны для спецслужбаў у Менску праціўнік рыхтуе па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі таемны ўдар – хто ён, і калі яго можа нанесці? Ці ўсё яшчэ патрэбнае жалезнае братэрства з менскім рэжымам кітайскім камуністам? А таксама чаму Кіеў не прызнае Святлану Ціханоўскую, калі яе прызнаюць заходнія саюзнікі Украіны?

Кіберпартызаны рыхтуюць магутную атаку па рэжыме Лукашэнкі

Гэта адбываецца акурат тады, калі ён узяўся за кібербяспеку, – сферу, пра якую не мае ніякага ўяўлення. На нарадзе з сілавікамі ён расказваў, што ў Беларусі атакуюць, як ён выказаўся, «кібернецікі». Чаму Лукашэнка расхваляваўся, і як гэта звязана з вайною супраць Украіны? У нашым сюжэце прадстаўніца кіберпартызанаў анансавала новы ўдар па Лукашэнкавай сістэме. Калі ён можа адбыцца? Ці гатовы рэжым да абароны? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Што яшчэ можна зрабіць, каб беларускае войска не ўцягнулі ў вайну супраць Украіны? Інтэрв’ю з Юрыем Панчанкам, рэдактарам украінскага парталу «Еўрапейская праўда».

Чаму афіцыйны Кіеў не прызнае Святлану Ціханоўскую? На сувязі са студыяй – Юрый Панчанка з Украіны , рэдактар парталу «Еўрапейская праўда», які апублікаваў тэкст «Непатрэбны саюзнік. Навошта Кіеву расколваць беларускую апазіцыю».

Ці захоўваецца жалезнае братэрства кіраўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Піна і Аляксандра Лукашэнкі?

ХХ з’езд камуністычнай партыі – заўжды гістарычная падзея. І калі ў СССР вынікам ХХ з’езду партыі сталі развянчанне культу асобы Сталіна і адліга, дык у Кітаі ўсё якраз наадварот – Сі Цзінь Пін сканцэнтраваў у сваіх руках уладу, якую меў перад ім толькі Маў Цзэ Дун. Ці можа спаць спакойна Тайвань? Куды павязе Сі Цзінь Пін тавары падчас свайго трэцяга тэрміну? І ці чакаць ягонай дапамогі калегам па цэху – Лукашэнку і Пуціну? Адказаў шукала Юлія Лабанава.

Ці можа Захад зменшыць падтрыманне Украіны?

Палітыка галоўных ваенных саюзнікаў Украіны – Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў, перажывае складаны час. Аднапартыйцы прэзідэнта Джо Байдэна робяць неабдуманыя крокі перад будучымі выбарамі ў Кангрэс. Пасля 8 лістапада кіроўная партыя дэмакратаў можа страціць большасць у парламенце ЗША. Іх могуць замяніць рэспубліканцы, лідар якіх ужо зрабіў небяспечныя для Кіева заявы. У Вялікай Брытаніі другі раз мяняецца прэм’ер-міністр за апошнія паўтара месяца. Абедзве дзяржавы загразлі ва ўласных палітычных і эканамічных праблемах. Ці паўплываюць гэтыя падзеі на пазіцыю Вашынгтону і Лондану ў справе фінансавага і ваеннага падтрымання Украіны, ад якога ў значнай ступені залежыць лёс вайны? Рэпартаж Надзеі Бельскай.

belsat.eu