Лукашыстаў напалохаў стачкам на «Белкардзе»


За ўдзел у стачкаме заводу «Белкард» Сяргей вымушаны быў пакінуць Беларусь. Але рэжым Лукашэнкі вырашыў адпомсціць ягонай сям’і – жонцы Марыне і тром няпоўнагадовым дзецям.

Сяргей працаваў на «Белкардзе» тэрмістам. У першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года некалькі працаўнікоў заводу пацярпелі ад гвалту сілавікоў, пасля чаго на прадпрыемстве вырашылі арганізаваць стачкам, у які ўвайшоў і Сяргей.

«На хвалі незадаволенасці мы стваралі стачкам. Стачкам займаўся арганізацыяй людзей, каб на мітынгі арганізавана хадзіць ад прадпрыемства, выказаць пазіцыю народу, працаўнікоў прадпрыемства, пераход у незалежныя прафсаюзы – былі такія планы, бо дзяржаўныя прафсаюзы правоў працаўнікоў ніяк не абаранялі. Сам стачкам быў прыкладна з аднаго-двух чалавек ад цэху. А ў стачцы бралі ўдзел практычна, я вам скажу, 80–85% працаўнікоў заводу… З майго цэху, у якім працавалі на той час каля 350 чалавек, 340 галасавалі за Ціханоўскую», – згадвае Сяргей.

Ён разам з іншымі работнікамі «Белкарду» хадзіў на мітынгі, намагаўся дабіцца арганізаваных формаў пратэсту. Але ў лістападзе 2020 года паўстала пагроза ягонага арышту, і ён вырашыў неадкладна пакінуць краіну. Клопат за сям’ю, у якой трое няпоўнагадовых хлоцаў – Іван, Яўген і Міраслаў, – паклаўся на плечы Марыны, Сяргеевай жонкі.

«Я падтрымлівала мужа, але было страшна, бо я разумею, што нясу адказнасць за дзяцей. Калі б былі мы толькі ўдвух, тады б, мабыць, і я там была. Таму што я за справядлівасць», – тлумачыць Марына. А неўзабаве пасля мужавага ад’езду да іх у кватэру ўслед за сілавікамі прыйшлі прадстаўнікі органаў апекі.

Як на заводзе «Белкард» быў арганізаваны стачкам? Як працаўнікі прадпрыемства галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года? Якія планы былі ў стачкаму адносна развіцця прафсаюзу, і як тая праца была перарваная сілавікамі? Што чакала сям’ю Сяргея, у якой трое непаўнагадовых дзяцей, пасля ягонага ад’езду? Чым ён займаецца ў Польшчы – і як здолеў перавезці сям’ю ў Беласток? А таксама як ягоныя блізкія, самі ўцекачы, дапамаглі дзвюм сем’ям украінцаў, што збеглі ад расейскай вайны ва Украіне?

Марына і Сяргей нічога не просяць дзеля сябе, акрамя камунікацыі з суайчыннікамі за мяжой. Іх дзеці ж, тры хлопчыкі, мараць атрымаць на Каляды наборы «Лега».

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, нязломных артыстаў і іхных дзяцей, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Таксама ў новым выданні праграмы «Беларус беларусу» глядзіце гісторыю Юлі, чыя мара здзейснілася дзякуючы нашым гледачам.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.