Як загінуў камандзір выведкі каліноўцаў


15 траўня 2022 года загінуў Волат, камандзір роты выведкі батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Ён з дзяцінства рыхтаваўся да вайны. Падчас абароны Украіны выявіліся ягоныя найлепшыя якасці. Якім быў Волат, распавяла спадарыня Наталля, ягоная маці.

Павел на пазыўны Волат ваяваў на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі больш за 6 гадоў без перапынку. Літаральна з першага дня поўнамаштабнай вайны далучыўся да беларускага батальёну і пачаў фармаваць роту выведкі. Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, палітзняволеная рэжымам Лукашэнкі, брала інтэрв’ю ў Волата ў 2018 годзе.

Спадарыня Наталля кажа, што Павел адчуваў асабістую адказнасць за кожнага свайго байца, таму свядома парушаў правілы для камандзіраў выведкі. Напрыклад, ішоў наперадзе групы, ніколі не адпускаў на дадатковую выведку маладых байцоў адных.

Волат загінуў 15 траўня – падарваўся на супрацьпяхотнай міне, калі вяртаўся з баявой задачы на чале групы ваяроў. Усе аскепкі прыняў на сябе Павел, астатнія ў групе не пацярпелі.

Маці жаўнера згадвае, што яны з сынам часта размаўлялі пра будучыню Беларусі ды яе перспектывы. Ні Павел, ні яна ніколі не згаджаліся з папулярным беларускім канцэптам «ціхай і ветлай» радзімы.

«Беларусь – край ваяроў. Калі не цяпер, то калі? – кажа спадарыня Наталля. – Калі цяпер, вось у гэтай сітуацыі, беларусы не гатовыя браць у рукі зброю… Я баюся, што гэта можа стаць апошняй старонкай у гісторыі свабоднай Беларусі».

Волат пасмяротна ўзнагароджаны медалём «Украіна перадусім». 21 траўня батальён Каліноўскага разгарнулі ў полк двухбатальённага складу. Першы батальён назвалі ў гонар Паўла – «Волат».

Hавiны
Ва Украіне маці загінулага беларускага ваяра атрымала медаль сына
2022.08.14 19:31

Калаж з фота: Батальён Кастуся Каліноўскага / Telegram