«Калі ваш сын знік на вучэннях – націсніце 1...» У Варшаве прайшла чытка п’есы пра вайну ва Украіне


У Варшаве прайшла інтэрактыўная чытка п’есы пра вайну вачыма беларуса, расейца, украінца і дзіцяці. Адзін з гледачоў назваў гэты твор «квінтэсенцыяй усяго таго, што мы перажываем кожны дзень, у чым жывём, варымся з 24 лютага».

П’есу напісаў Віталь Карабань, называецца яна «Як ты? / How are you?» Рэжысёрам стаўся Андрэй Новік, герой аднаго з папярэдніх выданняў нашай праграмы.

Андрэй з жонкаю Дар’яй і маленькім сынам Ромам былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед.

Беларус беларусу
«Я засынала з думкай, што зараз да нас уварвуцца амапаўцы», – удзельніца агульнанацыянальнага страйку
2022.04.26 14:36

Карʼера Дарʼі пачала складацца найлепшым чынам, наколькі магчыма для артыста ў эміграцыі. Андрэй жа марыў паставіць уласны спектакль. І гэтая мара здзейснілася!

Мы не будзем раскрываць усіх сюжэтных лініяў, прывядзем толькі адну фразу са спектаклю, – словы, якія чуе герой, патэлефанаваўшы на нумар, каб даведацца, дзе ягоны сын – расейскі вайсковец: «Калі ваш сын знік на вучэннях – націсніце 1. Калі ў вас не было сына – націсніце 2».

«Бачыце, я ўся заплаканая. Я проста не чакала. Я не чакала такіх моцных эмоцыяў ад сябе самой. Да глыбіні душы. Да глыбіні душы ўсё – пастаноўка, словы, тэкст», – казалі гледачы.

Інтэрактыўная чытка п’есы «Як ты? / How are you?», 23 траўня 2022. З уключанай лямпай – Андрэй Бардухаеў-Арол, рэпрэсаваны актор, чый сын падчас праходжання службы ў войску адмовіўся ўдзельнічаць у разгонах пратэстаў.
Фота: «Беларус беларусу»

Сам жа рэжысёр яшчэ не да канца асэнсаваў, што адбылося.

«Я пакуль не зразумеў, шчыра кажучы. То бок, гэта ж яшчэ пераварыць трэба. Але таксама я вельмі спадзяюся на тое, што будзе нейкі далейшы шлях гэтай працы», – кажа Андрэй Новік.

Андрэй Новік.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Гэтая пастаноўка зрабілася магчымаю, дзякуючы Беларускаму дому ў Варшаве, які адгукнуўся на нашае выданне пра артыстаў.

«Як толькі мы даведаліся з праграмы пра патрэбы актораў, беларускіх актораў, мы адразу адгукнуліся – прапанавалі нашае памяшканне на вуліцы Крынічнай, 6. Бо маем вялікую прастору, якая заўсёды даступная для ўсіх беларусаў», – распавядае дырэктарка Беларускага дому ў Варшаве Анастасія.

Знайшлася магчымасць падтрымаць артыстаў і матэрыяльна. А таксама вельмі зручна было тое, што ў Беларускім доме месціцца мабілізацыйны Цэнтр дапамогі палку імя Кастуся Каліноўскага. І акторы падчас п’есы змаглі скарыстацца рэальным рэквізітам, які ў хуткім часе паедзе ў Кіеў.

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў альбо герояў гэтай праграмы, каб спектакль пабачыла яшчэ як мага больш людзей, калі вы маеце такія кантакты, такія сувязі – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу і беларус украінцу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: mil.gov.ua; Rex Features Ltd / East News