Лукашэнка цягне Беларусь у ядравую вайну

Калі заўтра – вайна? Калі заўтра – авіяналёт? Дзе будзем мы – беларусы? Дзе будзе нашая краіна ў чужым канфлікце? Сёння мы пагаворым, ці варта беларусам баяцца пашырэння блоку NATO на ўсход, ці пагроза сыходзіць з іншага боку.

Пад Каляды і Новы год Расея перакінула да мяжы з Украінай яшчэ больш бранятэхнікі і жывой сілы. Украінская вайсковая выведка кажа пра 92 тысячы расейскіх вайскоўцаў і магчымы пачатак атакі ў студзені ці ў лютым.

Нашыя паўднёвыя суседзі рыюць траншэі на мяжы з Расеяй, хаця не выключаюць атакі і з беларускай тэрыторыі. А расейскі міністр абароны заяўляе, што ў Данецкай вобласці прыватныя вайсковыя кампаніі ЗША рыхтуюць правакацыю – хімічную атаку на ўкраінскія часткі.

«Памкненне Паўночнаатлантычнага альянсу ўцягнуць украінскія ўзброеныя сілы ў сваю дзейнасць нясе пагрозу бяспецы», – заявіў расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу на пашыранай калегіі з удзелам Уладзіміра Пуціна.

І ўсё гэта – каб прымусіць прэзідэнта Байдэна падпісаць пуцінскі дакумент аб гарантыях бяспекі. Крэмль наўпрост патрабуе ад Вашынгтону раскалоць блок NATO на старых і новых чальцоў, спыніць любую супрацу Альянсу з дзяржавамі, якія калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз, у тым ліку ў Сярэдняй Азіі, ды пытаць у Масквы дазволу на перамяшчэнне свайго кантынгенту ў Еўропе.

«Мы проста паставілі пытанне, што ніякага руху NATO на ўсход далей быць не мусіць», – заявіў Пуцін на адмысловай прэс-канферэнцыі, дзе ён патрабаваў адказу на патрабаванні ад Паўночнаатлантычнага альянсу.

«Мы разумеем, як Расея гуляе – падымае тэмпературу, а потым кажа: давайце сядзем і паразмаўляем», – тлумачыць Лаўрынас Касчунас, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Падобным чынам Масква дзеяла і раней, у савецкія часы.

«Гэта такая тыповая савецкая «мірная ініцыятыва», такая «предъява». Не значыць, што яе прымуць», – нагадвае Павел Фельгенгаўэр, вайсковы аглядальнік з Масквы.

«Ніводнай цалі на ўсход – сказалі нам у 1990-ыя гады. І што? Ашукалі. Проста нахабна падманулі. 5 хваляў пашырэння NATO», – голасна абураўся Пуцін на прэс-канферэнцыі.

Генеральны сакратар NATO нагадаў Пуціну, што ніякіх абавязанняў аб непашырэнні на ўсход Альянс з Расеяй не падпісваў. А хто хоча і можа ўвайсці ў NATO – вызначаюць самі дзяржавы, і пагражаць зброяй тут не варта. У Белым доме кажуць тое самае.

«Факты – цікавая штука. І факты ясна паказваюць, што адзіная агрэсія, якую мы бачым на мяжы Расеі і Украіны, – гэта нарошчванне вайсковай моцы расейцамі і ваяўнічая рыторыка ад кіраўніка Расеі», – заявіла прадстаўніца Белага Дому Джэн Сакі.

Патрабаванні Крамля ад пачатку невыканальныя.

«Было б вельмі дзіўна, калі б арганізацыя, у некалькі разоў мацнейшая з эканамічнага і вайскова-палітычнага гледзішча, пайшла на саступкі, прычым аднабаковыя саступкі», – кажа Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».

«Пуцін думае, што Захад слабы? Што дэмакратыі слабыя? Што ў дэмакратыяў няма будучыні? Або ён сам моцна спужаўся таго, што адбылося ў Беларусі, сам спужаўся працэсаў, якія ідуць ва Украіне, і калі Украіна пойдзе паспяховым шляхам, тады будзе добры прыклад і для расейцаў», – тлумачыць Раса Юкнявічыене, міністр абароны Літвы (2008–2012).

Ёсць яшчэ адна версія – псіхалагічная: Пуцін, падобна да чальцоў Палітбюро ЦК КПСС, баіцца ракетнага ўдару па сабе любімым.

«Пуцін вельмі расстроены. Нервуецца. Яго, падобна, пераканалі, што Захад рыхтуе ягонае забойства. І таму так нервуецца, лічыць хвіліны падлёту ракетаў з розных месцаў», – мяркуе Павел Фельгенгаўэр.

Гібрыдны сябар Пуціна – Аляксандр Лукашэнка – таксама чуе грукат натаўскіх танкаў на мяжы з Беларуссю і заклікае яднацца, а то ворагі нападуць, а хаўруснікі не гатовыя.

«Мая задача – зберагчы дзяржаву і народ ад вайны. Таму я ад вас патрабую маналіту і еднасці», – так Лукашэнка сустракаўся з «актывам Віцебскай вобласці».

«Цяпер Захад выступае праціўнікам Аляксандра Лукашэнкі. Па-другое, заўсёды трэба паказваць, што існуюць нейкія вонкавыя ворагі, вонкавая пагроза – і тым самым апраўдваць жорсткія крокі, што прымаюцца ва ўнутранай палітыцы, у тым ліку рэпрэсіўныя», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Але ж давайце ўрэшце разбярэмся, што гэта за страшны звер NATO, якім нас пужаюць Крэмль і Лукашэнка. North Atlantic Treaty Organization – Паўночнаатлантычны альянс, з’явіўся ў 1949 годзе. Краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі абʼядналіся ў абарончы альянс на выпадак нападу СССР, і для гэтага былі ўсе падставы.

Асновай савецкай ідэалогіі і эканомікі была Сусветная камуністычная рэвалюцыя, экспансіўны распаўсюд камуністычных рэжымаў, прапісаны яшчэ Леніным. На момант зʼяўлення NATO Крэмль нарошчваў ударныя сілы для захопу Еўропы і ствараў ядравую зброю.

«Асабліва маленькія дзяржавы, у іх ніколі не будзе сродкаў, каб абараніць сябе ад агрэсіўнага монстра, якім ёсць Расея», – тлумачыць Раса Юкнявічыене.

Нашых паўночных суседзяў у NATO падштурхнулі яшчэ і савецкія танкі. 30 гадоў Міхаіл Гарбачоў загадаў увесці войскі ў Вільню, сталіцу ўжо незалежнай Літвы. Падчас штурму Віленскага тэлецэнтру былі застрэленыя і раздушаныя танкамі 14 літоўскіх грамадзянаў, каля тысячы былі параненыя. Цяпер такі сцэнар паўтарыць будзе складана – Літва ў блоку NATO з 2004 года.

«Гэта падняла нас на зусім іншы ўзровень бяспекі. Мы пачалі граць у іншай лізе. Вядома, імперскія аспекты нікуды не зніклі з расейскага боку, але ўплываць на нас ім цяжэй. Бо ў NATO ёсць артыкул № 5: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», – падсумоўвае Лаурынас Касчунас.

Пасля распаду Савецкага Саюзу Альянс змяняў канцэпцыю абароны і нават не разглядаў Расею як пагрозу. У 2002 годзе стварылі нават цэлую раду Расея-NATO, дзе ўсурʼёз абмяркоўвалася магчымасць далучэння Крамля да альянсу. Пасля захопу часткі Грузіі супраца рэзка скарацілася, а з пачаткам расейскае агрэсіі супраць Украіны, NATO наагул прыпыніла супрацу з Масквой. Цяпер у альянсе 30 дзяржаваў – ад Злучаных Штатаў да Чарнагорыі, дзе насельніцтва, як у Гомлі з Гомельскім раёнам. Апошняй да Альянсу летась далучылася Паўночная Македонія, але, паводле статуту NATO, іх дзверы адчыненыя для ўсіх еўрапейскіх дзяржаваў, якія падзяляюць каштоўнасці Паўночнаатлантычнай дамовы аб бяспецы і гатовыя рабіць у агульную бяспеку свой унёсак.

Кіраўніцтва Украіны пачало рушыць да NATO яшчэ ў 1990-ыя.

«Тады не ішлося выключна пра абараназдольнасць дзяржавы. Тады справа была ў тым, што гэта адзін з этапаў уваходу ў агульнаеўрапейскую прастору», – прыгадвае вайсковы аглядальнік з Кіева Ігар Леўчанка.

Але ўсё змянілася пасля 2014 года, анексіі Крыму і ўводу гібрыдных расейскіх войскаў у Данецк і Луганск. Цяпер гаворка не пра вяртанне ў еўрапейскую цывілізацыю, а пра гарантыі абароны.

Пераход Украіны на натаўскія стандарты – гэта не пытанне калібраў і сістэмаў узбраенняў, тлумачыць эксперт: «Сумяшчальнасць штабных структураў і штабных працэдураў. То бок сістэма дакументаабароту, і не проста адміністрацыйнага, але і ў межах камандаў і распараджэнняў баявога кіравання, у сістэмах сувязі і іншых сістэмах яна мусіць быць адзінай».

Цяпер украінскія афіцэры актыўна вучаць англійскую мову, каб на вучэннях размаўляць з заходнімі саюзнікамі. У адукацыі дапамагаюць заходнія інструктары.

Натаўскія абазначэнні на мапах, алгарытмы дзеяння штабоў, натаўскія баявыя коды і сувязь – усё гэта адпрацоўваецца ва ўкраінскім войску ў межах супрацы з Паўночнаатлантычным альянсам. Натуральна, не ва ўсіх гарнізонах, а па чарзе.

«Падраздзяленні сілаў спецаперацыяў Украіны даўно сертыфікаваныя для дзеянняў у складзе сілаў хуткага рэагавання NATO і розных кааліцыйных структураў высокай гатовасці», – распавядае Ігар Леўчанка.

Блок NATO вядзе абарончую супрацу з самымі рознымі краінамі, як індывідуальна, так і ў межах праграмы «Партнёрства дзеля міру». Расея таксама была партнёрам Альянсу, дапамагала лагістыкай падчас ваеннай аперацыі ў Афганістане, нават у перавозцы натаўскіх грузаў сваімі ваенна-транспартнымі самалётамі.

Але пасля анексіі Крыму і ўводу расейскіх гібрыдных войскаў у Данецкую і Луганскую вобласці Украіны Масква прыпыніла любы ўдзел у «Партнёрстве дзеля міру». Беларусь таксама была партнёрам NATO.

І падначаленыя Уладзіміра Макея ў Міністэрстве замежных справаў у свой час вельмі ганарыліся гэтай дэманстрацыяй шматвектарнасці.

Але ў сённяшняй Беларусі, падчас рэпрэсіяў і неабвешчанага ваеннага стану, удзел у «Партнёрстве дзеля міру» прыпынены. А Уладзімір Макей пагражае Захаду размяшчэннем у нас расейскай ядравай зброі.

«Гэта хутчэй псіхалагічная гульня, разлічаная на тое, каб аказаць псіхалагічны ціск на краіны Захаду, паразважаць пра новы Карыбскі крызіс», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

«Для ядравай зброі плацдарм ужо ёсць побач з намі – у Калінінградскай вобласці», – нагадвае былая міністр абароны Літвы.

У Крамлі не выключаюць магчымасці скіраваць у Беларусь свае ракеты з ядравымі боегалоўкамі.

«Там ядравая зброя можа зʼявіцца толькі з дывізіямі, якія будуць яе ахоўваць», – кажа Павел Фельгенгаўэр.

У выніку інтэграцыйных дзеянняў Лукашэнкі, распачатых яшчэ з Барысам Ельцыным, нашыя суседзі ўсё менш бачаць у Беларусі незалежную дзяржаву.

«Рэжым прадаў гэтую самастойнасць і незалежнасць. Ён заўжды яе прадаваў, і цяпер прадае да канца», – мяркуе старшыня КНБА Сейма Літвы.

І ўкраінцы, і літоўцы на ўсялякі выпадак рыхтуюцца да нападу расейцаў з беларускай тэрыторыі, як гэта адпрацоўваецца на вучэннях «Захад».

«Крамлю непатрэбныя беларусы, Крамлю непатрэбная Беларусь, як нацыянальная дзяржава. Крамлю патрэбная тэрыторыя. І яму не шкада будзе гэтых людзей, калі штосьці здарыцца», – кажа Раса Юкнявічыене.

Будзем спадзявацца, што пагрозы Крамля акажуцца блефам, і беларусаў не ўцягнуць у чужую вайну. Бо, як мы і казалі раней, любая вайна паміж еўрапейцамі – гэта грамадзянская вайна.

Наступнае «Глабальнае пытанне» з падсумаваннем падзеяў выйдзе ў эфір 2-га студзеня. Да сустрэчы ў наступным годзе.

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; Ritzau Scanpix / Reuters / Forum

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

АБСЕ: сіла, якая можа спыніць вайну

Як не стаць ахвярай хакераў?

Чаму мы будзем цэлямі для ракетных удараў?

Як беларусы шыфруюцца ў інтэрнэце?

Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай

Супраць каго беларусы будуць ваяваць у Казахстане?

«Белсат» прадказаў мігранцкі крызіс

Беларускі спорт: карупцыя, схемы, хабары