«У чужыя выбары Расея ўмешваецца з часоў Пятра»


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін называе сябе спадкаемцам Пятра І, стваральніка Расейскай імперыі. Але кім той быў насамрэч для расейцаў і суседніх народаў, перш за ўсё беларусаў, украінцаў і палякаў? Які след ён пакінуў у нашай супольнай гісторыі і ці сапраўды Пуцін ідзе па шляху Пятра І?

Пётр І – адна са спрэчных фігураў расейскай гісторыі. На побытавым узроўні ён мае вобраз эксцэнтрычнага, але вельмі эфектыўнага і харызматычнага кіраўніка, які перарабіў Маскоўскае княства ў імперыю ды ўвёў Расею ў еўрапейскі кантэкст, прабіўшы «акно ў Еўропу». Пры гэтым замоўчваюцца тыя ахвяры, якія суправаджалі гэты шлях. У тым ліку і ў дачыненні суседніх народаў. Іх апраўданне ў выпадку Пятра І зрабілася адною з найважнейшых задачаў расейскай гістарычнай палітыкі на наступныя стагоддзі.

У былой Рэчы Паспалітай саюз з Расеяй напрыканцы XVII стагоддзя, нягледзячы на папярэднія войны, не лічыўся нечым дрэнным.

«Саюз з Пятром не ўспрымаўся як здрада. Чаму? Мне падаецца, таму, што ніхто не чакаў наступстваў пятроўскай палітыкі ў самой Маскоўскай дзяржаве… Расеі не баяліся. Меркавалася, што гэтая праблема вырашаная яшчэ ў час Яна ІІІ Сабескага. Гэта быў перыяд міру. Спярша было Андрусаўскае замірэнне, пазней быў Вечны мір, таму Расею, Маскву, не ўспрымалі як пагрозу», – адзначае прафесар Лешэк Заштаўт (Leszek Zasztowt).

Аднак Пётр разумеў, куды ён рухаецца і чаго жадае, і, што яго адрознівае ад сённяшняга лідара Расеі, Пётр выдатна разумеў ролю сваіх саюзнікаў.

«Ён усё калькуляваў, прадумваў кааліцыі. Ён заўсёды будаваў вялікія кааліцыі», – тлумачыць прафесар Гінтаўтас Сліесарунас (Gintautas Sliesoriūnas).

«Пётр перабудаваў не ментальнасць, а сэнс гэтай дзяржавы… Пётр усе рэформы, якія правёў, пачынаючы ад грамадзянскай: служылае дваранства, перапіс насельніцтва, стварэнне школ, заснаванне мануфактур – любая рэформа, якую возьмем, усё працавала на адно: мабілізаваць краіну на выкананне ваенных задачаў», – дадае прафесарка Святлана Куль-Сільверстава.

Пётр І спрычыніўся і да таго, што Расея падпарадкавала тэрыторыю Украіны.

«Украінскае войска было вельмі нясвоечасова выведзенае. Украіна мела канфлікты па перыметры на межах: з Польшчай – з аднаго буку, з Масковіяй – з іншай, перыядычна ўзнікалі праблемы з крымскімі татарамі. І ў такім стане Украіне было цяжка. Дапамагло Масковіі і тое, што Украіна напярэдадні перасварылася з Польшчаю. Калі б трываў саюз паміж Польшчай і Беларуссю, ніякіх шанцаў у Расеі не было», – падсумоўвае гісторык Аляксандр Палій.

Чаму Пётр І – спрэчная постаць у гісторыі? Як яго ацэньваюць у Беларусі, Польшчы і Украіне? Як саюз Рэчы Паспалітай з Расеяй успрымалі сучаснікі і чаму гэта не выклікала непакою? Чым была пятроўская Расея для еўрапейцаў і чаму Пётр не пабудаваў Еўропу ў сваёй імперыі? Чым час Пятра І падобны з цяперашнім і пры чым тут Украіна і ГУБАЗіК? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Intermarium».

Вядоўца праграмы «Intermarium» – Наста Ільіна, гісторык, журналістка

Госці праграмы «Intermarium»:

Святлана Куль-Сільверстава, прафесарка, Політэхнічны ўніверсітэт

Лешэк Заштаўт, прафесар, Варшаўскі ўніверсітэт

Гінтаўтас Сліесарунас, прафесар, Літоўскі гістарычны інстытут

Аляксандр Палій, палітычны эксперт, гісторык

Belsat.eu