Да чаго можа давесці Беларусь масавы ад’езд высакакласных спецыялістаў


Якія наступствы ад палітычнай міграцыі могуць чакаць Беларусь? Можа, краіна ўвогуле не заўважыць адсутнасці гэтых людзей? Глядзіце ў новым выданні «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Беларусы масава едуць з краіны. Паслявыбарчая плынь міграцыі – самая вялікая за ўвесь час беларускае незалежнасці. Колькасць тых, хто паехаў, дасягае ўжо сотняў тысяч, і неўзабаве гэта абавязкова адаб’ецца на ўжо і так хісткай эканоміцы краіны.

Мінулымі гадамі з Беларусі з’язджалі людзі працоўных спецыяльнасцяў з рэгіёнаў, дзе цяжка знайсці працу. Цяпер жа, на думку экспертаў выдання, сітуацыя змянілася, бо выязджаюць высакакласныя спецыялісты, якія забяспечвалі рост эканомікі на радзіме: прадпрымальнікі, даследнікі, эканамісты, IT-працаўнікі. Улады, праўда, сцвярджаюць, што IT-спецыялістаў едуць адзінкі – і на галіне гэта ніяк не адбіваецца. Маўляў, ПВТ, наадварот, б’е рэкорды ў экспарце прадукцыі.

«Не хапае менавіта дасведчаных асобаў, якія з’ехалі, і іх замяшчаюць праз колькасць», – каментуе сітуацыю Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Паводле Кацярыны Барнуковай, страта некалькіх дзясяткаў тысяч працаўнікоў можа застацца для Беларусі цалкам незаўважанай. А вось страта 100 тысяч спецыялістаў, на ейную думку, – ужо значны прагал, які можа прывесці да недаатрымання ад аднаго да трох адсоткаў ВУП.

«Гэта таленавітыя лекары, якія маглі б стаць аўтарамі складаных аперацый, вынаходзіць новыя метады лячэння. Гэта прадпрымальнікі, якія, магчыма, адкрылі б вялікія кампаніі. Гэта ўсё падрывае гэты вось патэнцыял росту. Гэта абсалютна незаўважна голым вокам. Але потым, праз пяць гадоў, мы з вамі сустрэнемся – і вы будзеце казаць: патлумачце, калі ласка, чаму ў Беларусі такі павольны эканамічны рост? І я буду нешта там мямліць… Але насамрэч частка гэтай гісторыі будзе пра тое, што з’ехалі тыя, хто ўласна робіць эканамічны рост», – кажа Кацярына Барнукова.

Якія могуць быць пазітыўныя аспекты эміграцыі? Што чакае пратэставы рух, калі самыя актыўныя апынуцца за мяжой? Колькі насамрэч асобаў з’ехала з Беларусі пасля выбараў? Глядзіце ў праграме (відэа вышэй).

Праграма «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.