Лукашэнка стаў прычынай экакатастрофы?


Якое дзіўнае гэтае лета – то страшная спёка, то сапраўдныя ўраганы з навадненнямі. Яшчэ нейкіх 20 гадоў таму надвор’е было больш прадказальнае, і дакладна не было так горача. Але так не толькі ў нас.

У фінскай Лапландыі, дзе афіцыйна жыве Святы Мікалай, ён жа Санта Клаус і Калядны Дзед, гэтым летам зафіксавалі тэмпературныя рэкорды – да 35-ці градусаў Цэльсія – і гэта за Палярным Колам.

А ў Беларусі надворʼе бушавала ад чэрвеня. Ураганны вецер, які зрывае дахі і ламае дрэвы, залевы і патопы ажно да разбурэння мастоў… І доўгая анамальная спёка каля плюс 35. Ці гэта ўжо не лічыцца анамальным?

Як ні дзіва, але надворʼе ўсё ж залежыць ад кожнага з нас, хай і ў рознай ступені. Сярэдняя тэмпература па планеце няўхільна ідзе ўгару ў выніку дзейнасці чалавека.

«Адбываюцца змены клімату. Гэта значыць пацяпленне ў перыяд, калі гэта не адпавядае прыроднаму перыяду, або, наадварот, халодныя дажджлівыя тыдні і месяцы ў той час, калі мусіла быць высокая тэмпература», – тлумачыць Таццяна Тымочка, старшыня Усеўкраінскай экалагічнай лігі.

На жаль, у Беларусі глабальная праблема кліматычных зменаў пакуль не ўспрымаецца ўсурʼёз на ўсіх узроўнях, нават у Міністэрстве аховы прыроды кажа Марыя Фалалеева, эксперт у міжнароднай кліматычнай палітыцы.

«Клімат у Беларусі дагэтуль разглядаецца як тэма экалагічная, прыродаахоўная. Ахова нейкай абстрактнай атмасферы. А шмат дзе ў свеце, у тым ліку не толькі вядучыя краіны Еўропы і Амерыкі, але і краіны нашага рэгіёну, дапусцім, Украіна, клімат і праблематыка, звязаная са зменамі клімату, гэта праблема палітычная і эканамічная».

Ад прымаразкаў, залеваў і спёкі гіне ўраджай на палях. Разбураюцца будынкі. У буйных гарадах гіганцкія магутнасці энергіі марнуюцца на кандыцыянеры. І ўсё гэта грошы, грошы, грошы…

«Усе аграрыі ў адзін голас цвердзяць, што змены клімату моцна адбіваюцца на вядзенні сельскай гаспадаркі. І я магу сказаць як эколаг, што гэта вельмі моцна ўплывае на прыродныя экасістэмы. Напрыклад, гэтаю зімою значная частка жывёлінаў, якія мусілі заснуць і запасці ў спячку, не запалі ў спячку. Гэта вымотвае жывёлінаў, і яны гінуць», – пералічвае Таццяна Тымочка.

І самае страшнае – гінуць людзі. На пажарах – такіх, як сёлета бушуюць у Канадзе. Там зафіксавалі абсалютны рэкорд тэмпературы – 46 градусаў. Гараць лясы, гараць вёскі, а канадскі ўрад папярэджвае, што хвалі спёкі яшчэ будуць вяртацца. Гінуць людзі і ад цеплавых удараў. У Злучаных Штатах, напрыклад, сёлета арганізоўваюць адмысловыя цэнтры ахалоджвання, каб людзі маглі адпачыць ад сквару. Глабальныя змены клімату, выкліканыя дзейнасцю чалавека, – гэта навукова прызнаны факт, пацверджаны назіраннямі і метэаралагічнымі вымярэннямі. І цяпер гэты факт стаў відавочным амаль ўсім.

«Менавіта чалавечая дзейнасць непасрэдна ўплывае – і ў індустрыйную, і ў постіндустрыйную эпоху – на змены клімату», – тлумачыць Таццяна Тымочка.

Калі казаць зусім проста, здабываючы і спальваючы вугаль, нафту і газ, чалавек за некалькі стагоддзяў вызваліў у атмасферу столькі углероду, колькі у жывой прыродзе збіралася з паветра за сотні мільёнаў гадоў. СО2 і метан – гэта парніковыя газы, яны паглынаюць сонечнае святло. У выніку ніжнія слаі атмасферы награюцца, тэмпература – у сярэднім па планеце – расце. Таюць векавыя ільды, расце і абʼём ападкаў.

Глабальныя змены клімату і агульнае падвышэнне сярэдняй тэмпературы на Зямлі запусцілі працэсы, якія толькі пагаршаюць парніковы эфект. Тае Спрадвечная Мерзлата за Палярным кругам – і вызваляе ў атмасферу гіганцкія абʼёмы прыроднага газу – метану. Пераграюцца і паміраюць каралавыя рыфы ў акіянах – і перастаюць паглынаць вуглякіслы газ. А ў нас, у Беларусі, сохне лес.

У такіх умовах беларускія лясы патрабуюць дадатковай апекі. Але ўсё наадварот – 4 гады таму адбыліся змены ў Лясным кодэксе, правілы высякання значна спрасцілі, зялёныя зоны зменшылі.

«Паводле правілаў, там павінна была прайсці высечка дагляду. Слабыя старыя насаджэнні, якія замінаюць, выдаляюцца, застаецца лепшае, роўнае, адлегласць на два метры. Так, каб на працягу 50 гадоў, тут быў прыгожы лес», – паказвае нядбайную высечку дрэваў працаўнік лясной гаспадаркі, які папрасіў захаваць ананімнасць.

І цяпер беларусы заўважаюць, што лес сталі выразаць значна хутчэй. Бо для дзяржавы дрэва гэта крыніца валюты.

Хаця Беларусь у 2015-м годзе падпісвала Парыжскае пагадненне – дамову ў межах Рамкавай канвенцыі ААН аб зменах клімату, якая стымулюе зніжэнне ўзроўню углекіслага газу ў атмасферы.

«Кожная краіна ўзяла на сябе абавязальніцтвы зменшыць выкіды рэчываў, якія выклікаюць змены клімату. Абавязальніцтвы развіваць альтэрнатыўную – аднаўляльную – энергетыку, не звязаную з выкарыстаннем выкапнёвага паліва. Кожная краіна ўзяла абавязальніцтвы пабольшыць колькасць зялёных масіваў», – нагадвае Таццяна Тымочка.

Беларусь – актыўны ўдзельнік гэтых абавязальніцтваў – фармальна. Праблемы з рэалізацыяй.

«Асноўныя мерапрыемствы мусілі быць рэалізаваныя ў 2018 годзе, потым летась афіцыйна тэрмін рэалізацыі мерапрыемстваў працягнулі да 2022-га года», – распавядае Марыя Фалалеева.

І самі абавязальніцтвы – дабраахвотныя – выглядаюць так: да 2030 г. скараціць выкід парніковых газаў на 28 % – але ў параўнанні з 1990-м. Атрымліваецца пэўнае махлярства.

«У 1990-м годзе, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз, выкіды парніковых газаў і іншых выкідаў былі вельмі вялікія. Таму фактычна ўсе гэтыя лічбы – мінус 28%, мінус 30% – яны для нас па-ранейшаму азначаюць рост выкідаў парніковых газаў», – тлумачыць Марыя Фалалеева.

Таму ў кліматычным рэйтынгу, які штогод складае недзяржаўная арганізацыя «German Watch», пазіцыя Беларусі за апошнія гады ўпала з 18-га месца на 36-е. Бо пакуль мы спалі ў шапку, дзяржавы ўсяго свету, асабліва нашыя еўрапейскія суседзі, дзейнічалі і паскараліся.

І нават Астравецкая АЭС, якая часткова заменіць расейскі газ на расейскі ўран, не зробіць кліматычнага прарыву для Беларусі, тлумачыць экспертка: «Асноўная хіба падзея ў галіне кліматычнай палітыкі для нашага рэгіёну і для, магчыма, усяго свету, гэта прыняцце Еўрапейскага Зялёнага Курсу, які цяпер зменіць увесь ландшафт і гандлю, і безугляроднага развіцця. І адна з асноваў Еўрапейскага Зялёнага Курсу – інтэрнацыялізацыя, бо немагчыма дасягнуць кліматычных мэтаў у адзіночку».

Еўрапейскі Зялёны Курс – гэта 2 гады таму прыняты Еўразвязам план да 2050-га года перайсці да кліматычна нейтральнай Еўропы. То бок каб гаспадарка была ўстойлівай, і каб падвышалася якасць жыцця, а не абʼёмы парніковых выкідаў. Інвестыцыі ў экалагічна чыстыя тэхналогіі пойдуць ва ўсіх галінах дзейнасці. А на тавары, створаныя не кліматычна нейтральна, будуць дадатковыя мыты і падаткі.

Еўрапейскі зялёны курс мае стварыць з Еўразвязу глабальнага лідара ў супрацьстаянні зменам клімату. Але датычыцца ён будзе і суседніх дзяржаваў – у гандлі і ў праграмах дапамогі. У тым ліку праз праграму «Усходняе партнёрства».

У папярэдніх выпусках «Глабальнага пытання» мы распавядалі, як рэжым Лукашэнкі прыпыніў свой удзел у гэтай праграме, а Еўразвяз сказаў: гэта супраца з беларускім народам, таму яна працягнецца ў новым, дэмакратычным фармаце. З вамі быў Яраслаў Сцешык, сустрэнемся роўна праз тыдзень на Белсаце.