Ці працягнецца эканамічны рост пасля пасадкі самалёта «Ryanair» і разгрому TUT.by?


Беспрэцэдэнтны палітычны скандал, які пагражае беспрэцэдэнтнымі эканамічнымі санкцыямі. Гэта з аднаго боку. З другога боку працягваецца эканамічны рост, які вынікае з актыўнага беларускага экспарту. Што пераважыць? Як гэта ўсё адаб’ецца на эканоміцы? Разбіраемся ў праграма «Эканоміка з Чалым».

Абстаноўка вакол ПВТ цяпер напружаная ў сувязі са звышгучнаю справаю TUT.by. Гэта фактычна спроба дзяржаўнага разгрому найбуйнейшага прыватнага навінавага парталу. Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Пытанне тут жа нават не столькі ў тым, што Камітэт дзяржкантролю раптам палічыў, што TUT.by незаконна з 2019 года карыстаецца падатковымі ільготамі. Гэта дзіўная рэч, бо ў бізнес-плане канкрэтна напісана, што яны робяць, ён прайшоў абарону. І праходзіў рэгулярны аўдыт. Гэта значыць, пытанні могуць быць, хутчэй, не да TUT.by, а да адміністрацыі ПВТ».

Гэта спроба фізічна знішчыць бізнес і навінавы партал, перакананы эксперт:

«Мне гэта нагадвае гісторыю. Я сам на свае вочы назіраў у Расеі разгром ЮКОСу. Калі падатковыя прэтэнзіі да яго былі такія, што вось літаральна да таго, як улада зацікавілася ЮКОСам, гэтыя практыкі лічыліся нармальнымі, агульнапрынятымі. А потым раптам яны апынуліся злачыннымі. Але рэч у тым, што гэтымі практыкамі карысталіся ўсе. І тады, як я памятаю, Пуціну давялося прыйсці на нараду пасяджэння расейскай гандлёва-прамысловай палаты і ўсіх супакоіць».

Чым гісторыя з рэйсам «Ryanair», перахопленым і пасаджаным у Беларусі, можа пагражаць эканоміцы?

«Гаворка, відавочна, пра страту мінімум траціны транзітных пасажыраў. Бо каля траціны ўсіх пералётаў на тэрыторыі Беларусі – гэта былі пералёты грамадзянаў ЕЗ. Да пандэміі каля 600 самалётаў праляталі на тэрыторыі Беларусі. Суправаджэнне іх каштуе каля 40 еўраў за 100 кіламетраў, таму адлегласць прыкладна 600 кіламетраў на тэрыторыі Беларусі з поўначы на поўдзень або з захаду на ўсход. Вось. Адпаведна ў мяне атрымліваецца, што больш за 50 мільёнаў долараў – выручка за пралёт над нашаю тэрыторыяй».

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Чаму працягваецца эканамічны рост?
  • Як будаўнічы бізнес у ЗША ўплывае на глабальныя эканамічныя тэндэнцыі ды якія выгады могуць быць для Беларусі?
  • Чаму найлепшы ратунак ад высокіх коштаў – гэта высокія кошты?

Калаж з фота: Niall Carson / PA Images / Forum, Valery Sharifulin / TASS / Forum

Belsat.eu