Наколькі эфектыўна дзеіць ваенная прапаганда ў Беларусі, Расеі ды Украіне?


Як працуе ваенная прапаганда? Якія метады яна выкарыстоўвае, каб схіліць гледачоў на свой бок? Ці сягае прапаганда ў Беларусі, Расеі ды Украіне сваіх мэтаў?

У святле апошніх падзеяў сённяшняя расейская прапаганда ўсё больш стала пахадзіць на беларускую, лічыць Марыя Барзунова, журналістка і вядоўца праграмы Fake News на тэлеканале «Дождь»:

«Калі раней у мяне чамусьці была ілюзія, што расейская прапаганда – больш майстэрская што лі, то цяпер усё гэта скацілася ў нейкую зусім тапорную прапаганду ў тым плане, што калі яе, да прыкладу, параўноўваць з беларускай – так, раней я заўсёды казала, што беларуская прапаганда пераплюнула расейскую ў плане сваёй прастаты, нейкай, даруйце за гэты выраз, тупасці. Тут мне падаецца, цяпер ужо расейская і беларуская прапаганда могуць спаборнічаць у гэтым».

Тыповай характарыстыкай прапаганды з’яўляецца тое, што інфармацыя ўжо падаецца з ацэнкай. Дадаткова – абвінавачванне другога боку, дэманізацыя праціўніка, адмаўленне сваіх дзеянняў, якія падаюцца за абвяржэнне, пастаяннае паўтарэнне або наадварот падмена версіяй на падзеі.

Аналітыка
Аж да смяротнага пакарання: што чакае беларускіх прапагандыстаў у судзе пасля сыходу рэжыму?
2022.04.22 09:00

Тое самае мы пабачылі на прыкладзе расейскай рэакцыі на здымкі з Бучы.

«Іхная задача была ў тым, каб укінуць як мага больш версіяў, каб проста там і фактчэкеры, ды іншыя журналісты не паспявалі іх зняпраўджваць. […] І ў выніку ў гэтым інфашуме, што ствараюць дзяржаўныя і праўладныя СМІ, губляецца праўдзівая інфармацыя і губляюцца праўдзівыя факты», – мяркуе Марыя Барзунова.

Прыёмы маніпуляцыі масамі вынайшлі яшчэ падчас Першай Сусветнай вайны, калі побач з прыдуманымі фактамі брытанская прапаганда выкарыстоўвала людскія трагедыі для фармавання негатыўнага вобразу ворагу. Тады гэта былі немцы, якіх сістэматычна «дэманізавалі». Разам з тым брытанская прапаганда падавала свой поспех праз памяншэнне лічбы сваіх стратаў і гераізацыі сваіх вайсковых учынкаў. Гэта ўсё распаўсюджвалася праз прэсу і лістоўкі, якія кідалі з самалётаў.

Гісторыі
Нюрнбэрг: як судзілі нацысцкіх злачынцаў і што засталося ад рэштак фашысцкай імперыі
2022.04.21 09:00

Гэтыя ж прыёмы ўзяў у сваю практыку міністр асветы і прапаганды Германіі Ёзэф Гёбэльс перад і падчас Другой Сусветнай вайны. Толькі тады ён ужо меў новыя сродкі, як радыё і кіно, з дапамогай якіх рэжым ахопліваў больш шырокія масы і ідэалагічна падрыхтоўваў жыхароў Нямеччыны да Галакосту.

Дагэтуль прапаганда захоўвае тыя ж прынцыпы, якія паўсталі ў мінулым стагоддзі, толькі распаўсюджваецца праз новыя інструменты: тэлебачанне, сацыяльныя сеткі і г. д.

Адкуль беларусы найчасцей атрымліваюць інфармацыю і ці давяраюць яны гэтым крыніцам? Ці вераць еўрапейцы расейскай прапагандзе? Ці прысутнічае прапаганда ва ўкраінскіх медыях падчас вайны? Глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 17:45 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.