Праўда аб прыгоне, які змяніў Еўропу


Прыгон – адно з ключавых словаў беларускай гісторыі. У Расеі вялізарныя тэрыторыі – Сібір, Поўнач, Далёкі Усход – наагул не ведалі прыгону. Украіна мела Запарожскую Сеч – вольную казацкую рэспубліку ўцеклых прыгонных. Мы ж былі пад прыгонам стагоддзі – і народ, і краіна. Чаму так, разбіраемся ў праграме «Intermarium»:

Сяляне ператварыліся ў асабістую ўласнасць паноў. Пад заклад сялянскіх душаў бралі грашовыя пазыкі і крэдыты, імі абменьваліся, прадавалі ці, як у Расеі, прагульвалі ў карты. Можна сустрэць меркаванне, што на землях Беларусі прыгон знайшоў сваё найгоршае ўвасабленне.

«У польскай навуцы дыскусія, ці была паншчына прычынаю падзелаў Рэчы Паспалітай, вялася вельмі доўга. Мой кароткі адказ – абсалютна не! Дастаткова паглядзець вакол. Дзяржавы, якія падзялілі Рэч Паспалітую, – Прусія, Аўстрыя ды Расея – самі абапіраліся на прыгон і адмовіліся ад яго толькі ў ХІХ стагоддзі. Так што, калі б Рэч Паспалітая выстаяла як незалежная дзяржава, яна таксама б адмовілася ад прыгону», – тлумачыць польскі антраполаг Кацпэр Паблоцкі.

Адмена прыгону ў Беларусі, як і на большасці тэрыторыі тагачаснай Расейскай імперыі, адбылася ў 1861 годзе. Тады ж у ЗША скасавалі рабства.

«Прыгоннае права XVIII–XIX стагоддзяў у Расеі – гэта рабства. Прыгоннае права XVII стагоддзя – гэта сацыяльны інстытут, які можна параўнаць з прыгонным правам Усходняй Еўропы. Нейкая форма сацыяльнай залежнасці. (…) Памешчык валодаў правам распараджацца асобаю селяніна. Але гэта было не так, бо было гэта па факце, а не па законе. У Расейскай імперыі прыгонных свабодна прадавалі на вуліцы, на плошчы. Але калі Аляксандр І папрасіў высветліць, на якой падставе адбываецца гэты гандаль, то высветлілася, што няма ніякага закону, які б дазваляў», – тлумачыць расейскі гісторык Барыс Кержанцаў.

Але ці маглі тыя прававыя акты адмяніць рабскую псіхалогію, якая стагоддзямі фармавалася і перадавалася з пакаленне ў пакаленне на генетычным узроўні?

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Барыс Кержанцаў, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук (Расея)
  • Таццяна Літвінава, доктар гістарычных навук, Дняпроўскі нацыянальны ўніверсітэт (Украіна)
  • Кацпэр Паблоцкі, антраполаг, Варшаўскі ўніверсітэт (Польшча)
  • Сяргей Токць, доктар гістарычных навук (Беларусь)

Belsat.eu