Санкцыі знішчаюць рэжым Лукашэнкі ці Беларусь?


Ужо два гады Беларусь існуе ва ўмовах санкцыяў, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. Але каму яны больш шкодзяць – рэжыму ці звычайным беларусам? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» дыскусію Андрэя Казакевіча і Аляксандра Атрошчанкава.

Тэма «Двубою» з Віталём Цыганковым – «Санкцыі дапамагаюць зрынуць рэжым ці не даюць ніякай карысці?». Гэтае пытанне абмяркоўвалі палітычны аглядальнік Аляксандр Атрошчанкаў, сузаснавальнік Reform.by, і доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Аляксандр Атрошчанкаў перакананы, што санкцыі патрэбныя, бо яны скіраваныя не супраць Беларусі, а супраць звышпрыбыткаў асобаў і бізнесаў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі.

«Санкцыі, якія ўводзяцца, карысныя для беларусаў, бо яны ўводзяцца не супраць Беларусі, яны ўводзяцца супраць дзялкоў, блізкіх да клану Лукашэнкі, і супраць гэтага клану, бо гэтыя фірмы, пра якія кажуць, супраць якіх санкцыі… Гэта не фірмы і не бізнесы. Гэта пыласосы, якія выпампоўваюць грошы з Беларусі», – тлумачыць Аляксандр Атрошчанкаў.

Аднак, на думку эксперта, праблема ў тым, што ЗША і Еўразвяз уводзяць санкцыі ў адпаведнасці з уласнымі мэтамі, а не з улікам інтарэсаў беларусаў, ад якіх такія рашэнні не залежаць: «Санкцыі пасля 2020 года, пасля рэпрэсіяў былі ўведзеныя абсалютна мінімальныя, калі іх нават параўноўваць з санкцыямі ў 2011 годзе як рэакцыя на рэпрэсіі 2010–2011 гадоў». Атрошчанкаў зазначае, што санкцыі пасля выбараў 2020 года былі ўведзеныя па-сапраўднаму толькі тады, калі рэжым Лукашэнкі зрабіўся вонкавай небяспекай.

З апошнім сцверджаннем пагаджаецца Андрэй Казакевіч, але ён мяркуе, што цяпер трэба думаць не пра новыя санкцыі. Трэба думаць над тым, каб мінімізаваць іх негатыўныя наступствы для здаровай, незалежнай ад дзяржавы часткі беларускага грамадства.

«Большасць санкцыяў уведзеныя ў пытаннях бяспекі. Найбольш жорсткія санкцыі былі звязаныя з міграцыйным крызісам, пасадкай самалёта і вайной. Гэта ўсё, што самыя еўрапейцы ўспрымаюць у якасці пагрозы для сябе. На гэта мы не можам паўплываць. Гэта як надвор’е. І мы, як беларусы, мусім думаць у тым ліку пра негатыўныя наступствы санкцыяў, якія будуць, вядома, для беларускага грамадства. Іх трэба нейкім чынам мінімізаваць. Удар ад санкцыяў ідзе не толькі па алігархах, не толькі па «кашальках» рэжыму. Але вельмі часта і па звычайных грамадзянах. Нават не столькі па звычайных грамадзянах, колькі па той здаровай частцы беларускага грамадства, якое можна лічыць адкрытым, еўрапейскім, якое ўласна прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасцяў», – сцвярджае Андрэй Казакевіч.

Ці маюць санкцыі поспех? Які ў іх эканамічны эфект для рэжыму Лукашэнкі, на думку эксперта Яраслава Раманчука? Хто вызначае санкцыі, і чаму яны такія «дзіравыя»? Якую ролю ў такіх умовах мусіць граць Кабінет Святланы Ціханоўскай? Ці штурхаюць санкцыі Лукашэнку ў абдымкі Пуціна, і ці будуць яны адмененыя ў выпадку вызвалення палітвязняў? Як трэба змяніць санкцыі, каб зрабіць іх больш дзейснымі? Адказаў на гэтыя і іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube