Каліновец Анджэй: «Аднаму вусатаму му#@ку не захацелася пакідаць сваю пасаду»


Анджэй быў аператарам БелаПАНу. У палку Каліноўскага ён паспеў пабываць сувязістам, відэааператарам, аператарам СТРК і парамедыкам. Ён паказаў свае відэа з перадавой і падзяліўся планамі на жыццё пасля завяршэння вайны.

Расейскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года заспела Анджэя ў Польшчы. Ён далучыўся да шэрагаў беларускіх добраахвотнікаў, прайшоў вайсковае рыхтаванне і трапіў у роту сувязі палка Каліноўскага. Потым яго як дасведчанага аператара перавялі ў прэс-цэнтр.

На «нулі» (перадавой) Анджэй зразумеў, што аператар на фронце не патрэбны. Затое яго захапіла праца разліку супрацьтанкавага ракетнага комплексу (СТРК) «Мілан». Як кажа Анджэй, «я проста закахаўся ў гэты наш родны «Мілан».

У складзе разліку СТРК наш герой прайшоў не адзін зацяты бой. А ў вольны час Анджэй здымаў наступствы вайны, бамбаванне гарадоў, вынікі пападання расейскае «высокадакладнае зброі».

Анджэй пайшоў на вайну праз жаданне справядлівасці. Ён абураны лёсам калегаў з БелаПАНу, якіх рэжым Лукашэнкі кінуў за краты, як амаль 2000 палітзняволеных.

«На жаль, многія мае калегі за кратамі як экстрэмісты, тэрарысты, ну і іншыя «антысацыяльныя элементы», а напраўду – як людзі, якія спрабуюць паказаць, данесці праўду да іншых. Мае калегі, як і амаль 2000 палітзняволеных, сядзяць у турме проста ні за што, – кажа Анджэй. І дадае: – Проста таму, што аднаму вусатаму му#@ку не захацелася пакідаць сваю пасаду».

Інтэрв’ю
«Змагацца з фашызмам – самая патрэбная праца на свеце». Баец-каліновец – пра полк і сяброў з БелаПАН
2022.06.15 16:34

Праграма «Ваяры» паразмаўляла з Анджэем, калі ён рыхтаваўся вярнуцца на фронт у новай ролі, у ролі стралка-ратаўніка, пасля курсаў парамедыка.

Як ваяры харчуюцца на перадавой? Што мы набылі з Анджэем у вайсковых крамах падчас здымкі? Які дзень быў самым цяжкім для нашага героя? Як Анджэй бачыць сваё жыццё пасля вызвалення радзімы?

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага / telegram