Гульня з нулямі: як Лукашэнка крадзе грошы з кішэняў беларусаў?


Яны бываюць шалёныя, але рэдка замінаюць. Яны плодзяцца і абарочваюцца, яны старэюць і могуць стаць яшчэ больш каштоўнымі. Людзі збіраюць іх усё жыццё, але месца на небе за іх не купіш. Вядома, гаворка пра грошы. І сёння мы будзем высвятляць, куды яны так хутка ўцякаюць.

Як радзілі сабе людзі да таго, як з’явіліся грошы? Натуральным абменам, бартарам. Людзі мяняліся таварамі: збожжам, быдлам, зброяй, і гэта было страшна нязручна. Бо карова можа ўзяць і здохнуць па дарозе на рынак. Паступова з’явіўся зручны тавар – кавалкі металу аднолькавай вагі, з якіх можна штосьці выкуць.

«Грошы вынайшлі прыкладна ў VI–VII стагоддзі да нашай эры як унікальны тавар і інструмент для назапашвання, меры вартасці і плацяжу», – распавядае старэйшы хавальнік Музею грошай Нацыянальнага банку Украіны Андрэй Бойка-Гагарын.

Як тлумачыць доктар гістарычных навук, грошы сталіся адным з найважнейшых вынаходстваў для чалавецтва, бо запусцілі хуткае эканамічнае развіццё па ўсім свеце.

Функцыю ўніверсальнага тавару выконвалі і манеты, і зліткі металаў. Гэтак, у Вялікім Княстве Кіеўскім у XII–XIII стагоддзях з’явілася грыўня – злітак срэбра, прыдатны для назапашвання і аплаты.

«Грыўня была вельмі дарагой. І каб ужываць яе ў абароце і гандлі, трэба было падзяліць грыўню на часткі. Гэта і былі рублі. То бок рублены кавалак грыўні – гэта і ёсць рубель», – тлумачыць Андрэй Бойка-Гагарын.

Не ўсе беларусы ведаюць, што на нашай зямлі ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай хадзілі талеры. Гэта быў тып буйной срэбнай манеты, як у большасці перадавых еўрапейскіх краінаў. Талеры былі манетамі буйнога бізнесу і міжнародных стасункаў.

Менавіта ад слова «талер» паходзіць назва валюты «долар». Які цар ці кароль адчаканены на манеце – пытанне дзяржаўных сімвалаў.

«У час Пятра І талеры і дукаты ў валоданнях Масквы лічыліся сыравінай. Яны былі забароненыя да абароту, іх трэба было здаваць на манетны двор у абмен на капейкі і паўкапейкі. Першыя талеры былі перачаканеныя ў рублі, і так маскоўская ўлада намагалася дацягнуць свой манетны аблік да еўрапейскага, а не наадварот», – тлумачыць доктар гістарычных навук.

Зноў-такі, не ўсе беларусы ведаюць, што пасля атрымання незалежнасці ў 1991 годзе мастак Уладзімір Крукоўскі прапанаваў канцэпцыю талера як нацыянальнай валюты Беларусі. Мастакі Лявон Бартлаў і Леў Талбузін намалявалі эскізы купюраў і манетаў. Але Вярхоўны Савет замест талераў выбраў рублі з выявамі жывёлінаў. Гэтак з’явіліся знакамітыя зайчыкі як сімвал Беларусі. І потым пачалася гісторыя папулізму, планавай эканомікі і рэгулярных эканамічна-фінансавых крызісаў рознага маштабу. У 1998-м, у 2008-м, у 2011-м і сёлета.

«Незадаволенасць беларускага народу патрэбная як фон для зрынання ўлады ў Беларусі або як мінімум правядзення прэзідэнцкіх ці парламенцкіх выбараў у 1999 годзе… Такім чынам з’яўляецца шанец зрынуць прэзідэнта», – так Аляксандр Лукашэнка ў 1998-м тлумачыў незадаволенасць людзей рэзкім падзеннем узроўню жыцця, выкліканага ягонай эканамічнаю палітыкаю.

Але ідэя гістарычнай валюты не знікла без следу. Замену беларускіх рублёў на талеры прадугледжвае, напрыклад, дзяржаўная праграма «Вольная Беларусь», распрацаваная пад кіраўніцтвам лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.

«Мы прадугледзелі ўсё, каб уся сістэма – адукацыйная, эканамічная, банкаўская, войска, палітычная сістэма – забяспечвала дэмакратыю і незалежнасць краіны», – распавёў Зянон Пазняк «Белсату» ў 2017-м.

Што можна купіць за грошы? Што можна купіць за вялікія грошы? Раскошнае жыццё, увагу жанчын, экзатычныя вандроўкі, дарагія аўтамабілі ці яхты. А можна вялікія грошы ўзяць і прайграць у казіно – за шанец выйграць яшчэ большыя грошы. А што б вы зрабілі, калі б выйгралі, напрыклад, мільён долараў? Мы спыталі спачатку жыхароў і гасцей расейскага гораду Сочы.

«У першую чаргу купіў бы жытло. У другую чаргу ў бізнес бы ўклаўся».

«Я б купіла яхту і паехала б у кругасветную вандроўку».

«Я не была яшчэ ў Японіі, у Малайзіі».

«Ды мне ўвогуле грошы для шчасця не патрэбныя. Для шчасця трэба, каб вайна спынілася».

«Трэба памагчы Данбасу, Данецку, Украіне ды іншым. Памагчы, каб зноўку была адна краіна».

Збольшага – звычайныя чалавечыя жаданні, праўда? Калі б не тое, што Расея вядзе поўнамаштабную вайну. А што б зрабілі з нечаканымі грашыма жыхары ўкраінскай сталіцы?

Вось куды гатовыя выдаць $1 млн жыхары і госці Кіева.

«Калі б я выйграў мільён… Я б мінімум палову скіраваў на армію».

«На ЗСУ».

«Хлопцам на ЗСУ. У мяне брат служыць. Усё б патраціў на тое, што ім трэба».

«Адсоткаў 50 аддаў бы адразу на фронт. Гэта нават не абмяркоўваецца».

«Мне 80 гадоў, мне хапае пенсіі. Я нават кожны месяц з сакавіка стараюся хоць штосьці, але перадаць на ЗСУ».

Але чаму нельга ўзяць і проста надрукаваць шмат грошай, каб усім хапіла? Такім пытаннем усур]ёз у свой час задаліся ў Венесуэле ды Зімбабве. Вынік вядомы.

«Грошай мусіць быць дастатковая колькасць. Роўненька колькі трэба, роўна столькі, колькі ствараецца прадуктаў у гаспадарцы», – падкрэслівае дырэктар Даследчага цэнтру «Case Belarus» Серж Наўродскі.

Бо калі друкаваць непадмацаваныя грошы, нашыя ашчаджэнні з]есць інфляцыя.

Інфляцыя можа з]явіцца, калі колькасць тавараў і паслуг змяншаецца. Умоўна кажучы, калі бульба не ўрадзіла, то прапанова драніка са смятанай у рэстаране знізіцца. Адпаведна, сярэдняя цана на дранік са смятанаю вырасце.

Або другі варыянт: калі валявою пастановаю ўраду ўсім падвышаюць заробкі пры нязменнай эфектыўнасці працы. Грошай робіцца больш, а тавараў засталося як было. І людзі, напрыклад, ідуць у рэстаран, куды звычайна не хадзілі. Попыт на чарку і скварку расце.

Адпаведна, рэстараны падвышаюць цэны, а вартасць рубля адносна чаркі і скваркі падае.

А бывае, што падчас неўраджаю кіраўніцтва дзяржавы раздае грошы направа і налева, каб купіць галасы выбарнікаў. Тады цэны на чарку, скварку і дранік са смятанаю ляцяць у космас.

У 2011 годзе, калі кіраўнік Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч на загад Лукашэнкі штучна ўтрымліваў курсы валютаў, у Беларусі была гіперінфляцыя – 108,7 %, а курс долара за год вырас у тры разы.

Сёлета кошты на тавары і валюту штучна не ўтрымліваюцца, але яны заканамерна растуць.

«Беларуская валюта страчвае сваю вартасць і пакупніцкую здольнасць, бо дзяржава актыўна друкуе гатоўку. У прыватнасці за першае паўгоддзе колькасць наяўных грошай у абарачэнні вырасла на 1,13 мільярда рублёў, або на 24 %. Пры гэтым ВУП Беларусі ўпаў на 4 %», – тлумачыць навуковы працаўнік BEROC (Кіеў) Алег Мазоль.

ВУП – валавы ўнутраны прадукт – гэта кошт усіх тавараў і паслуг ува ўсіх галінах эканомікі. А беларуская эканоміка мела праблемы яшчэ да пачатку адкрытай вайны Расеі ва Украіне. А цяпер курчыцца пад антываеннымі санкцыямі.

«Раней мы пастаўлялі – і вельмі добра зараблялі беларускія НПЗ на продажы беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну. Цяпер немагчыма туды пастаўляць. Зараблялі на продажы калійных угнаенняў па сусветным кошце. Цяпер калійныя ўгнаенні трэба прадаваць з дысконтам і яшчэ больш плаціць за лагістычныя кошты – у тым ліку праз расейскую РЖД – чыгунку, расейскія парты», – пералічвае эфект ад суўдзелу ў вайне прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Грошай у бюджэце ўсё менш, а карміць верных сілавікоў, якія не ствараюць тавараў і паслуг, Лукашэнку неяк трэба.

Як незаўважна красці проста з кішэняў мільёнаў грамадзянаў? Трэба мець неабмежаваны доступ да дзяржаўнага бюджэту і друкарскай машыны.

Час ад часу Аляксандр Лукашэнка загадвае Нацбанку друкаваць незабяспечаныя эканомікай грошы для сваіх уласных мэтаў – на прэміі лаяльным чыноўнікам і сілавікам, на шыкоўныя машыны і некалькі рэзідэнцыяў. Тады колькасць рублёў на руках у беларусаў не зменшыцца. Але агулам гэтых рублёў стане больш, тавараў і паслуг будзе столькі ж, колькі было. І вартасць гэтых рублёў у грамадзянаў знізіцца. Так можна рабіць бясконца, пакуль гаспадарка не абрынецца. Сілавікі, чыноўнікі і сям’я Лукашэнкі будуць багацець адносна іншых, цэннікі ў крамах будуць расці – бо расце колькасць грошай. Кошт беларускага рубля будзе падаць. А калі ўжо ў абарот уводзяцца купюры з наміналам «мільён», тады можна і дэнамінацыю правесці – памяняць купюры на такія самыя, толькі нулі паабразаць.

У незалежнай Беларусі былі тры дэнамінацыі рубля – агулам з купюраў прыбралі восем нулёў. То бок нацыянальная валюта за час кіравання Лукашэнкі абясцэнілася ў 100 000 000 разоў!

«Беларусь – адна з самых бедных краінаў у Еўропе пасля 28 гадоў такога кіравання рэжыму. І людзі каля 40 % сваіх прыбыткаў выдаткоўваюць на харчаванне і прыбыткі. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў ува ўсёй Еўропе», – нагадвае Алесь Аляхновіч.

Чаго чакаць беларусам, якія трымаюць свае ашчаджэнні ў беларускіх рублях, бліжэйшым часам, калі яшчэ мацней удараць санкцыі, уведзеныя за вайну Расеі супраць Украіны?

«Бліжэйшыя паўгода Нацбанк працягне ўтрымліваць высокія стаўкі па дэпазітах, каб захаваць рэсурсную базу банкаў, якія сутыкнуліся з немагчымасцю прыцягнуць сродкі на замежных рынках», – прагназуе навуковы працаўнік BEROC (Кіеў) Алег Мазоль.

Як тлумачыць навуковец, каб гарантавана было чым выплочваць адсоткі па ўкладах, Нацбанк працягне друкаваць рублі. Ці проста ўводзіць лічбы на нашых банкаўскіх картах.

Яны былі металічнымі, потым зрабіліся папяровымі, затым перайшлі на чэкавыя кніжкі, а цяпер перасяліліся на банкаўскія серверы ды на крыптабіржы. Грошы таксама праходзяць эвалюцыю і цяпер імгненна вандруюць між кантынентамі, забяспечваючы глабальны рынак без патрэбы ў золаце і медзі. Бо гэта адлюстраванне чалавечай працы і зацікаўленасці ў чым-кольвек.