Шэйман запісаў бізнес-імперыю на студэнтку


Ганна Пушкарова – шмат больш, чым проста суўласніца фірмы з бізнес-імперыі Віктара Шэймана. Яна ягоная каханка і выхоўвае ягонага сына. Такую выснову зрабіла каманда «Давайце разбірацца» ў выніку новага расследавання.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага расследавання.

Віктар Шэйман – даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі. У 1994 годзе яму даручылі займацца бяспекаю Лукашэнкі-кандыдата на першых прэзідэнцкіх выбарах. У 2013 годзе Шэйман узначаліў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Сёння гэта буйны холдынг, які аб’ядноўвае дзясяткі кампаніяў.

Шэйман, працуючы на дзяржаўнай пасадзе, павёў падвойную гульню і заснаваў уласную бізнес-імперыю, якая толькі ў 2020–2021 гадах зарабіла больш як паўмільярда рублёў.

Важную ролю ў схемах Шэймана адыгрывае Ганна Пушкарова. Праз яе ён наладзіў пастаўкі «санкцыёнкі» ў Расею і Беларусь, а затым з дапамогаю гэтай жа кампаніі заняўся пошукам золата ў Зімбабвэ.

«Сёння мы маем і прадэманструем доказы таго, што дзяржаўны дзеяч і правая рука Аляксандра Лукашэнкі – Віктар Шэйман – насамрэч жыве падвойным жыццём, і на бізнес-баку ў яго зусім не дзяржаўныя інтарэсы, а маладая жанчына і маленькі сын ад яе», – кажа вядоўца праграмы «Давайце разбірацца» Вольга Ратмірава.

Падрабязнасці – у відэа на пачатку артыкулу.

Калаж з фота: стоп-кадры з каналаў YouTube Беларусь 1, Белта; anastasiellaaa/ Instagram