Пацярпелым дапамагалі ўсім светам, нават з Краснаярску


Калі Алена Валковіч звярнулася ў нашую праграму першы раз, яна была цяжарная шостым дзіцём, а ейны муж быў збіты і арыштаваны. Аднак нашыя гледачы не пакінулі шматдзетную сям’ю сам-насам з праблемамі.

З таго часу мінула больш чым паўгода, Алена з мужам шмат разоў сутыкнуліся з абыякавасцю і дробнай помстай чыноўнікаў. Муж стаў зарабляць нашмат менш, а Алене, якая працуе фатографам у школах, сталі ўсё часцей адмаўляць у замовах. І падтрымка зусім незнаёмых людзей – гэта тое, што дапамагае сям’і верыць у дабро і справядлівасць.

Папярэдняе выданне пра Алену і ейную сям’ю:

Ужо шмат месяцаў гэтую сям’ю падтрымліваюць сумленныя беларусы, гледачы нашай праграмы. Дзіцячыя кнігі, цацкі або бытавая тэхніка – людзі спрабуюць дапамагчы ў меру сваіх сілаў. Алена з мужам не называюць імёнаў тых, хто спрабуе палегчыць ім жыццё, але запэўніваюць, што ведаюць і памятаюць кожнага чалавека.

Сям’я Валковічаў. Сям’ю выключылі з конкурсу шматдзетных сем’яў Маскоўскага раёну сталіцы. За беларускую мову і за тое, што тата сядзеў за нацыянальны сцяг.
Фота: асабісты архіў

«Нам падарылі нават робат-пыласос пасля праграмы! Некаторыя дапамагаюць на рэгулярнай аснове. З апошняга – пасылка з Краснаярску. Дзе мы, а дзе Краснаярск, але падтрымка аб’ядноўвае людзей нават на такой вялікай адлегласці, – дзеліцца сям’я.

Дапамога, якая прыходзіць з самых розных месцаў, гэтую сям’ю ўжо не здзіўляе. Сумленныя людзі лёгка адгукаюцца на чужы боль, асабліва калі самі ведаюць, якою бязлітаснаю можа быць улада.

Алена Валковіч з дзецьмі. Сям’ю выключылі з конкурсу шматдзетных сем’яў Маскоўскага раёну сталіцы. За беларускую мову і за тое, што тата сядзеў за нацыянальны сцяг.
Фота: асабісты архіў

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна з любога пункту свету), лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.