Лукашэнка ў 90-х падняў прамысловасць Беларусі з каленяў. Гэтак кажуць прыхільнікі дзейных уладаў і шмат у чым яны маюць рацыю. Што ж у выніку пайшло не так і ці настолькі айчынная прамысловасць дэградавала, як гэта паказваюць многія незалежныя эканамісты? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».
У галіне прамысловасці занятыя каля 900 тысяч работнікаў. Лукашэнка не раз казаў, што вялікія працоўныя калектывы заводам не патрэбныя, але пры гэтым масавага скарачэння ён не дазваляе.
У сакавіку сярэдні заробак у прамысловасці склаў 1435 рублёў. Гэта толькі на 3,5 % вышэй за сярэдні ў краіне.
«Я памятаю нават, як на 50- або 60-годдзе заводу падарылі людзям ручнікі замест прэміяў. Калі старыя рабочыя кажуць, што раней вялікія прэміі давалі да юбілейных датаў прадпрыемства… А ў той год замест гэтага там пабудавалі фантан і выдалі людзям ручнікі ды нейкую дробязь. Калі ішоў з прадпрыемства – усе гэтыя ручнікі ў гэтым фантане плавалі. Пакрыўджаныя людзі проста выкінулі вось гэтыя падарункі завадскія ў фантан», – згадвае Міхаіл Громаў, які адпрацаваў на МТЗ электрагазазварнікам 15 гадоў.
Аляксандр – той шахцёр, які на знак пратэсту пасля выбараў 2020 года адмовіўся падымацца з шахты па сваёй змене. На «Беларускаліі», дзе адныя з найлепшых заробкаў, самая вялікая колькасць работнікаў, якія падтрымалі стачку, – каля сотні асобаў. Яшчэ столькі ж набярэцца з іншых заводаў. Гэтая сіла пакуль занадта малая, каб улады да яе прыслухоўваліся, лічаць адмыслоўцы. Таму і на агульных станах прадпрыемстваў стачкі не адбіліся. А вось прадстаўнікі ўладаў маюць усе магчымасці, каб кіраваць працаўнікамі. Нашыя суразмоўцы лічаць, што з гэтае прычыны Лукашэнка да апошняга трымаецца за вялікую колькасць стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.
«Ну, па-першае, захаваць электарат. Па-другое – Лукашэнка ведае толькі адзін спосаб кіравання людзьмі. Гэта спосаб армейскі. Праз арганізаваныя такія нейкія падраздзелы. І мы бачым, што ён вельмі-вельмі так ставіцца да буйных прадпрыемстваў. Бо, канечне, калі, скажам, на нейкім заводзе працуюць 6000 чалавек ці 10 000 чалавек, кіраваць імі праз іхнае кіраўніцтва лягчэй, чым дробнымі прадпрымальнікамі», – лічыць эканаміст Леў Марголін.
Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:
Калаж з фота: Metzel Mikhail / TASS / Forum