«Я засынала з думкай, што зараз да нас уварвуцца амапаўцы», – удзельніца агульнанацыянальнага страйку


Даша – артыстка Опернага тэатру. Андрэй – актор Тэатру беларускай драматургіі. Ён быў адным з першых, хто сышоў у страйк. Звольніўся на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне. Сям’ я актыўна ўдзельнічала і ў мітынгах, і ў маршах. А таксама ладзіла спектаклі ў пратэставых дварах. Але былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу.

Андрэй і Даша актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах: гралі спектаклі ў пратэставых дварах, збіралі рэчы для тых, хто трапіў за краты, пісалі звароты ў Міністэрства інфармацыі, каб дзяржаўныя медыі не замоўчвалі і не хлусілі пра сітуацыю ў краіне.

Неўзабаве пачаліся праблемы. У Оперны тэатр, дзе працавала Даша, прыйшла папера, што ў яе дома вісіць БЧБ-сцяг, а на маршы яна ходзіць малым сынам. Калега Дашы напісала ёй пагрозу: «Если это не закончится, если ты не перестанешь это делать, то тебя выгонят из квартиры». Зрабіць гэта было б нескладана, бо Даша і Андрэй арандавалі кватэру.

«Яна са мной на сцэну выходзіць. Уяўляеце сабе? Жанчына ўзросту маёй мамы. Ёй сказалі мне вось так прыгразіць. Гэта быў шантаж. На мой погляд, гэта быў шантаж. Мы з’ехалі з кватэры, – эмацыйна дзеліцца Дар’я.

Андрэй палка падтрымаў ідэю страйку, звольніўся з тэатру, разам з Дашай заклікаў іншых далучыцца да забастоўкі. Тым большым было іх расчараванне, калі агульнанацыянальны страйк праваліўся.

«Балюча было. Калі вось ты ідзеш на мітынгу, так. Ідуць 200 тысяч чалавек. І гэтыя 200 тысяч чалавек усе крычаць: «Забастоўка!» І ты разумееш: моц. І ты разумееш, што вось надышоў той момант, калі мы ўсе разам… І ты разумееш, колькі чалавек не змагло проста сёння трапіць туды. Гэта каласальна. Нас жа – большасць. І ўся гэтая большасць крычыць: «Забастоўка!» І нараніцу забастоўку абвяшчае менш за 1 %. Расчараванне…» – з болем успамінае Андрэй.

Пасля гэтага знаходзіцца ў Беларусі зрабілася немагчыма.

«Кожны вечар я засынала з думкай, што зараз да нас уварвуцца амапаўцы. Малы… Ён дзіця. Яму год амаль што. І малога забяруць. І я сабе гэтага не дарую ніколі», – Даша ледзь стрымлівае слёзы.

Рашэнне з’ехаць далося сям’і цяжка. Але ў сілу сваёй натуры яны не маглі спыніць дзейнасці і змяніць пазіцыі. Але мара ў іх застаецца адна на дваіх.

«Вядома, хацелася б рэалізавацца ў творчых нейкіх праектах. Мабыць, зрабіць штосьці самім. Сваё штосьці», – фантазуе Даша.

Як жа знаёма і балюча страціць усё! Але працягваць верыць і змагацца. Публічным асобам асабліва цяжка гаварыць аб праблемах. І калі яны ўжо гавораць пра іх – значыцца, праблемы напраўду ёсць.

Гісторыі
«Калегі не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам». Сям’я тэатралаў – пра свае расчараванні
2021.03.27 12:40

Калі вы хочаце падтрымаць Дар’ю, Андрэя і маленькага Рому, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна. З любога пункту свету. Лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.