Беларусы дапамаглі валанцёрцы Чырвонага Крыжа, якая зазнала катаванні на Акрэсціна разам з мужам


Надоечы мы расказалі гісторыю валанцёркі Чырвонага Крыжа Паліны ды ейнага мужа Дзяніса, якіх затрымалі за «пікетаванне на галаве» ў выглядзе чырвона-белай павязкі.

У выніку маладзёны беспадстаўна правялі па 15 содняў за кратамі, дзе іх катавалі, кралі ім ежу, практычна не давалі вады. Супольна яны страцілі 10 кілаграмаў. Сітуацыя была ўскладненая і наяўнасцю ў Паліны складанай сістэмы брэкетаў ды немагчымасцю яе даглядаць у турэмных умовах.

Паліна і Дзяніс распавялі, што мараць уладкаваць кватэру. І адгукнуліся адмыслоўцы з Беларусі, Польшчы ды нават Ізраілю.

Агулам каля дзясятка дызайнераў выказалі жаданне бескаштоўна пракансультаваць Паліну і Дзяніса.

Дызайнерка з Менску Вольга Якубенка кансультуе Паліну нажыва.
Фота: Белсат

«Я хацела дапамагчы з салідарнасці, зрабіць свой невялікі ўнёсак у нашую агульную справу, падтрымаць Паліну маральна, каб яна адчувала падтрымку нашага беларускага грамадства з усіх бакоў, з боку маёй прафесійнай дзейнасці таксама. Бо ты можаш даць толькі тое, што ўмееш. Таму я тут і дапамагаю», – падзялілася эмоцыямі Вольга.

Дызайнерка з Варшавы Аліна Маеўская правяла кансультацыю онлайн.
Фота: Белсат

Дызайнерка Аліна ўжо шмат гадоў жыве ў Варшаве, але не губляе сувязі з Радзімаю: «Калі ў сеціве мы з мужам пабачылі запыт на тое, што для Паліны і Дзяніса шукаюць чалавека, які б мог дапамагчы з дызайнам, мы не раздумваючы пастанавілі дапамагчы. Для нас гэта важна, мы таксама беларусы і вельмі перажываем за тое, што адбываецца ў нашай краіне! Гэтая салідарнасць – як хваля, што нахлынула, якая паказвае, наколькі людзі – людзі!

Я гатовая дапамагаць і далей – і на этапе абмеркавання, і рашэння праекту ў часе рэалізацыі!»

Паліна і Дзяніс былі расчуленыя колькасцю людзей, якія адгукнуліся.«Так цудоўна адчуваць, што ты не адзін у свеце, у краіне, што вакол цябе заўжды ёсць людзі, гатовыя дапамагчы, проста так прыйсці і дапамагчы. Калі ты адчуваеш, што ўсё, канец, раптам прыходзяць аднадумцы – і кожны, кожны дзень сустракаеш тых, хто гатовы падтрымаць цябе ў любы момант і быць поруч!»

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu