Хто стварыў бел-чырвона-белы сцяг?


Распавядаем, як ствараўся беларускі нацыянальны сцяг і чаму былі абраныя менавіта такія колеры.

У 1918-м – апошнім годзе Першай сусветнай вайны, калі развальваліся імперыі, паднявольныя народы пачалі дэклараваць свае незалежныя дзяржавы. Адпаведна, ствараліся і новыя дзяржаўныя сімвалы – гербы і сцягі. Не засталіся ў баку і беларусы.

Нашая дзяржава Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная раней, за Польшчу, Чэхаславакію, Югаславію. І беларусы таксама прынялі і паказалі ўсяму свету свой дзяржаўны герб, Пагоню, і бела-чырвона-белы сцяг.

Некаторыя ўжо мелі свае гістарычныя сцягі, як палякі. Нехта толькі іх ствараў, звычайна праз спалучэнне трох рознакаляровых палосаў. Выбіраліся колеры, якія лічыліся традыцыйнымі, нацыянальнымі.

У якасці абгрунтавання для колераў, абраных на беларускі сцяг, прыводзіцца папулярнасць іх у славянаў, і асабліва – у беларусаў з даўніх часоў. І хоць дакладнага дакументальнага пацверджання існаванню гэтага сцяга ў сярэднявеччы не выяўлена, маецца шмат гістарычных фактаў выкарыстання ў Беларусі спалучэння белага і чырвонага колераў, у тым ліку на сцягах. Адно з самых старажытных – бела-чырвона-белае чаргаванне радоў у муроўцы полацкіх святыняў ХІ–ХІІ ст.: цэглы-плінфы чырвонага колеру і белай вапны. У бітве пад Оршай у 1514 г. наша кавалерыя ішла ў бой пад сцяжком з выявай чырвонага крыжа на белым полі і г.д.

Дакладны пачатак выкарыстання бела-чырвона-белага сцяга ў найноўшы час невядомы. Хто ж яго прыдумаў? Глядзіце новую серыю «Загадак беларускай гісторыі», госць якой – кандыдат гістарычных навук Станіслаў Рудовіч (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

belsat.eu