Пуцін з Лукашэнкам зацягваюць Беларусь у вайну. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Ці плануе ФСБ тэракты ў Беларусі?

Аляксандр Лукашэнка дапамагае Пуціну ваяваць супраць Украіны. Аднак ці дастаткова Крамлю таго, што робіць для яго менскі дыктатар? Украінская ваенная выведка апублікавала інфармацыю пра тое, што Расея рыхтуе правакацыі на аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў Беларусі. Паводле Галоўнай управы выведкі Украіны, гэта патрэбна, каб канчаткова прымусіць Беларусь ваяваць. У гэтую вайну Беларусь і так ужо ўцягнуў рэжым Лукашэнкі. Цяпер жа на расейскія ваенныя патрэбы пачынаюць працаваць беларускія прадпрыемствы. Ці сапраўды магчымыя тэракты ФСБ у Беларусі, і як яны могуць выглядаць? Каментуюць Алег Жданаў, Мікалай Халезін і Павел Усаў. Матэрыял Надзеі Бельскай.

Закладніца Расеі Арменія паўстала. Дыктатары пакінулі Ерэван раз’юшаныя. Інтэрв’ю з арганізатарам пратэсту супраць Пуціна ў сталіцы Арменіі

Чорную труну з абрэвіятурай АДКБ (Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы) насілі пратэстоўцы ў сталіцы Арменіі. У той самы час туды прыляцелі кіраўнікі гэтага пракрамлёўскага альянсу, у тым ліку Пуцін і Лукашэнка. Прыляцелі і адляцелі, АДКБ не будзе стрымліваць Азербайджан, з якім у армянаў цягнецца канфлікт яшчэ з падзення СССР. Чаму Пуцін не дапамагае свайму саюзніку абараніцца? Інтэрв’ю з Тыгранам Хзмальянам, лідарам Еўрапейскай партыі Арменіі, які стаў адным з арганізатараў пратэстаў супраць АДКБ і візіту Пуціна ў Ерэван.

Шалёная ракета Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра шалёную ракету на мяжы Польшчы з Украінай. Дыктатар назваў «дагаварняком» ракетны інцыдэнт. Нагадаю, што падчас масаванай расейскай ракетнай атакі па Украіне на мінулым тыдні ракета ўпала на тэрыторыі Польшчы. Выбух забіў двух чалавек. Як і навошта Лукашэнка маніпулюе інфармацыяй пра трагедыю? Ці застрахаваная Беларусь ад такога сцэнару, і ці не падзе сам узурпатар пад абломкамі ракетаў, разважала Вольга Міцкевіч.

Ці страціць Расея свае пазіцыі ў Чорным моры? Інтэрв’ю з румынскім экспертам

Турцыя імкнецца да статусу рэгіянальнага лідара ў чарнаморскім рэгіёне. Якім чынам Эрдаган спрабуе скарыстацца сітуацыяй ва Украіне дзеля ўмацавання ўласных пазіцыяў? Зміцер Міцкевіч у Бухарэсце запісаў інтэрв’ю з кіраўніком Палаты перадавога досведу ў міжнародных справах Рэзванам Мунтэaну.

Што ў Пуціна з Wunderwaffe, якім ён усіх пужаў?

Ці сапраўды ў пуцінскай Расеі ёсць цудоўная зброя, Wunderwaffe, якой Крэмль так хваліўся на парадах у Маскве? Пакуль што Пуцін мае іранскія дроны, і іх будуць збіраць у Расеі, паведамляюць заходнія медыі. Крамлю крытычна не хапае беспілотнікаў для вядзення вайны супраць Украіны, а сваіх ён стварыць не здатны. Нядаўна Пуцін выхваляўся перадавымі ваеннымі тэхналогіямі і палохаў Захад дзіўнымі відамі ўзбраенняў з экранаў тэлевізараў. Цяпер гаспадар Крамля вымушаны пазычаць самыя простыя распрацоўкі ў Ірану, які сам шмат гадоў застаецца ў ізаляцыі. Як і чаму расейская ваенная прамысловасць ператварылася ў пасмешышча, разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.