Беларусы споўнілі мару маці 6 дзяцей


Надоечы мы расказалі вам гісторыю Вольгі і Вадзіма. Яны гадуюць шасцярых дзяцей. Гадуюць іх сапраўднымі беларусамі. У 2020-м сужэнцаў арыштавалі. І хоць сілавікі ўзялі не тых, каго хацелі, усё адно не адпусцілі.

«Яны ўсё забягалі ў гэты аўтобусік і выбягалі. І некага яшчэ лавілі. А потым у нас пытаюцца: «Вы музыканты?» Я кажу: «Не, мы не музыканты». «А… Ну, значыць, не тых узялі». Я кажу: «Ну, як не тых узялі, то адпускайце нас». А яны кажуць: «А мы ўжо сказалі, што трох вязем» – успамінае гераіня.

Беларус беларусу
«Не тых узялі». Сына збілі на вачах у шматдзетнай маці
2021.06.30 18:09

Затрымалі сужэнцаў толькі за тое, што яны слухалі беларускую музыку ў адным з менскіх двароў. Нашыя неабыякавыя гледачы не пакінулі Вольгу і Вадзіма ў бядзе. І здзейснілі жаданне нашых герояў, якія марылі навучыць сваіх дачок шыць і адзець іх у прыгожыя строі. Паглядзіце, што атрымалася.

«У мяне была мара – пашыць сукенку дачушкам. Наогул набыць сукенку вельмі цяжка, таму што прадаюцца аднатыпныя мадэлі. Хацелася нешта вельмі прыгожае. Моды, можа, 50–60-х гадоў. Мне здаецца, у нас атрымалася. Аказалася, што гэта не такая ўжо і лёгкая справа – шыць сукенкі. І калі б мы не ведалі тэхналогіі, то і не пашылі б самастойна. А пакуль пашылі, то адгукнуліся некалькі жанчын, якія падаравалі гатовыя ўжо сукенкі, кашулю. І яшчэ адна жанчына прапанавала павучыць вышываць бісерам. Нехта з гледачоў дапамог набыць тканіну. Нехта – прапанаваў навучыць выбіраць тканіны і шыць рэчы, амаль да паліто. Гэта мяне вельмі ўсцешыла!

Дачка Вольгі дэманструе пашытую сукенку.
Фота: «Беларус беларусу»

І я вельмі рада, што ў нас такія цудоўныя людзі. І можна сказаць, што пакуль ёсць любоў, то будзе жыць Беларусь, і Бог з намі. Таму што свет стаіць на любові і міласэрнасці. І найлепшая эканоміка – гэта таксама міласэрнасць і дапамога адзін аднаму. Толькі так мы зможам выстаяць. Вялікі дзякуй усім людзям, якія адгукнуліся. Якія паставіліся неабыякава да нас. Да маіх дачушак і да нашай сям’і. І наогул адзін да аднаго. Разам мы выстаім! Адзін чалавек перадаў нават цукеркі, ведаючы, што дзеці заўсёды любяць салодзенькае. Не ўсімі прапановамі мы скарысталіся пакуль што. Таму што цяпер каронавірус, і трэба шанаваць адзін аднаго, асабліва тых людзей, якія хочуць нам зрабіць добра. Таму звернемся трошкі пазней. Каб уся тая дапамога, якую людзі хацелі аказаць, не прапала. Як кажуць, шчаслівы не столькі той, хто бярэ, а той, хто дае. Вялікі дзякуй усім гэтым людзям неабыякавым», – кажа Вольга.

Коцікі нашых герояў.
Фота: «Беларус беларусу»

Ствараючы маленькія цуды адно для аднаго, мы набліжаем і ствараем вялікі супольны цуд для нашай краіны. Дапамагчы любому з нашых герояў можна як публічна, так і ананімна з любога пункту свету. Калі маеце магчымасць і жаданне, выбірайце свайго героя і лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.