Лукашэнкаўскае войска не зламала беларускага актывіста


Зміцер Жалезнічэнка з Гомля быў выключаны з універсітэта а пасля накіраваны ў войска. Такім чынам яго спрабавалі перавыхаваць за грамадзянскую дзейнасць. Аднак гэты досвед толькі загартаваў беларуса, які пасля атрымаў адукацыю ў Нідэрландах. Цяпер ён працуе ў ІТ і далучыўся да фонда, які адправіў 100 машынаў хуткай дапамогі ва Украіну.

Зміцер Жалезнічэнка рана пачаў цікавіцца беларускаю справаю, пачаў браць удзел у дзейнасці арганізацыі «Талака», перайшоў на беларускую мову і стаўся сябрам БНФ. У 2007 годзе за актыўную грамадзянскую пазіцыю яго адлічылі з матэматычнага факультэту ўніверсітэту. Хлопец не здаўся і праз суд дамогся аднаўлення. Але праз пару дзён яго выключылі паўторна і забралі ў беларускае войска, дзе маладзён прабыў паўтара года.

Пасля вяртання з войска Зміцер паступіў ва ўніверсітэт у Нідэрландах, дзе атрымаў адукацыю і ўладкаваўся на працу.

«Натуральна, мяне хвалявала і працягвае хваляваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Перажываў выбары і ўсё, што адбывалася пасля. Калі пачалася вайна ў лютым, для мяне быў вельмі моцны ўдар па свядомасці, бо твая краіна падтрымлівае агрэсара, гэта вельмі цяжка ўспрыняць. І мне было неабходна нешта зрабіць самому, проста каб дапамагчы тым, каму кепска ад таго, што мая краіна ў тым ліку бярэ ўдзел у гэтых баявых дзеяннях. Узнікла недзе ідэя прывезці машыну хуткай дапамогі. І я сам пачаў збіраць на яе грошы з дапамогаю мясцовай… суполкі дыяспары беларусаў у Нідэрландах. Гэта была адна з першых машынаў, якія мы ва Украіну прывезлі», – распавядае Зміцер пра тое, як узнікла ідэя стварыць адмысловы фонд дапамогі Украіне «Ветразі свабоды» («Zeilen van Vrijheid»).

Фотарэпартаж
«Пасля вайны зоймемся пастаўкамі будматэрыялаў». Валанцёры з Нідэрландаў перадалі ва Украіну дзясяткі спецмашын
2022.04.11 19:22

«У красавіку Міністэрства аховы здароўя Украіны зрабіла пост у Facebook, што знішчылі 56 машынаў хуткай дапамогі. І я памятаю, што гэта дастаткова доўга была мэта – прывезці вось гэтыя 56 машынаў. І пра сто нават ніхто не думаў», – распавядае Марыя Пэдэнка, медычная каардынатарка фонду «Ветразі свабоды».

З моманту заснавання фонд ужо адправіў ва Украіну 100 хуткіх, у тым ліку для ЗСУ, і больш за 200 тонаў гуманітарнай дапамогі.

Хто такі Зміцер Жалезнічэнка і як ён патрапіў з універсітэта ў войска Лукашэнкі? Чаму перабраўся з Гомля ў Амстэрдам? Як успрыняў падзеі 2020 года ў Беларусі і распачатую 24 лютага 2022-га вайну Расеі супраць Украіны? Як пастанавіў пачаць дапамагаць украінцам і разам з іншымі беларусамі стварыць валанцёрскі фонд «Ветразі свабоды» («Zeilen van Vrijheid»)? Якую дапамогу беларуская дыяспара ў Нідэрландах надае Украіне і ў што вераць Зміцер ды ягоныя паплечнікі Марыя Пэдэнка і Аляксей Юзэфаў?

Таксама ў праграме:

  • З пачаткам вайны Алена Жаркевіч пераехала з Кіева ў Польшчу ды арандавала ў Беластоку дом для ўцекачоў з Украіны і Беларусі. Беларуская актывістка таксама пераганяе аўтамабілі для ЗСУ.
  • Дар’я Шут – дачка былога апазіцыйнага дэпутата Вярхоўнага Савету Алеся Шута – больш за 15 гадоў жыве ў Нарвегіі. Тут яна атрымала адукацыю палітолага і цяпер дапамагае людзям з іншых краінаў інтэгравацца ў нарвежскае грамадства.

Праграму «Беларускі свет» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube.