Ці аб’яднаюцца палітыкі і вайскоўцы супраць Лукашэнкі?


На беларускім палітычным полі ўсё больш гучна заяўляе пра сябе полк імя Каліноўскага. Менавіта з ім цяпер звязваюцца надзеі на зрынанне рэжыму Лукашэнкі.

Ці рэальна аб’яднаць намаганні беларускіх палітыкаў і вайскоўцаў для барацьбы з рэжымам? Якім павінна быць аб’яднанне ўсёй дэмакратычнай апазіцыі? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць эксперты і госці ток-шоу «План Б».

Сілавы сцэнар змены рэжыму Лукашэнкі заваёўвае ўсё большую прыхільнасць у грамадстве. Пра такі варыянт разважаюць і палітыкі.

«Узнік, відаць, упершыню сцэнар магчымага сілавога адхілення Лукашэнкі ад улады. Раней яго можна было разглядаць толькі тэарэтычна. А цяпер падзеі, звязаныя з вайною ва Украіне, пашыраюць палітычную прастору для розных сцэнароў. І робяць сілавы сцэнар не фантастычным, а рэальным», – мяркуе Анатоль Лябедзька, палітык і прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай.

Таму менавіта цяпер, магчыма, адбываецца пачатак важнага гістарычнага працэсу – прыходу вайскоўцаў у беларускую палітыку.

«Калі спрабуюць супрацьпаставіць палітыкаў і вайскоўцаў, гэта не зусім карэктны аргумент. Калі палітыкі за два гады не спраўляюцца з тым, каб дамагчыся перамогі, на першы план выходзяць вайскоўцы. І ў сусветнай гісторыі вельмі шмат прыкладаў, калі вайскоўцы ў падобных сітуацыя рабіліся палітыкамі», – кажа палітычны прадстаўнік аб’яднання «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі.

Таксама ў праграме:

  • Патрэбны генеральны штаб. Як аб’яднаць усіх праціўнікаў дыктатуры?
  • «Красаўцы» і пачвара. Ці будуць сілавікі абараняць свайго дыктатара?

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

Калаж з фота: president.gov.by