«Здавалася, што я паміраю». Палітвязень месяц прахварэў у камеры на Акрэсціна


Кірыл Салееў – 23-гадовы палітычны эмігрант, былы рэжысёр Тэатру юнага гледача. 14 верасня 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіКу адключылі святло ў доме хлопца і ўварваліся да яго ў кватэру, палажылі тварам у падлогу, надзелі кайданкі, забралі тэлефон і рэчы. Кірыла знайшлі праз фота ў «СБ» і жорстка затрымалі, абвінаваціўшы паводле арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Гэты сюжэт «Маю права» мы здымалі ў грузінскім Батумі, куды праз крымінальны пераслед вымушаны быў з’ехаць герой нашай праграмы.

«Мяне білі нагамі і мяне білі кулакамі, гэта значыць, рукамі, кулакамі. У асноўным мяне трымалі за шыю, як абцугамі. І вось што я запомніў, калі мяне ў ГУБАЗіК прывезлі: мяне везлі, як нейкага крымінальніка, рукі мне скруцілі за спінай, паднялі наверх, трымалі так, а другі чалавек, другі супрацоўнік, трымаў мяне за шыю», – узгадвае хлопец.

4 месяцы да суда Кірыл правеў за кратамі, з іх 11 дзён – у ізалятары на Акрэсціна.

Аднак, як гаворыць Кірыл, збіццё ў ГУБАЗіКу было не так траўматычна, як псіхалагічны гвалт, які ён зазнаў у ізалятары. 11 содняў без коўдраў, без падушак, на голых нарах адбіліся на здароўі. З чатырох месяцаў у СІЗА, два – хлопец хварэў.

«Мне было вельмі цяжка. Першы месяц я там наогул праляжаў хворы, мне здавалася, што я паміраю», – распавядае Кірыл.

Мaю прaвa
Кубінца год трымалі на Акрэсціна як быдла
2022.02.25 19:05

Хлопец кажа, не мог паверыць, што ўлады рэпрэсуюць удзельнікаў пратэстаў праз год пасля падзеяў-2020. Зразумеў гэта, калі ў СІЗА сустрэў такіх жа арыштантаў, як ён.

«Трапіўшы ў СІЗА, я зразумеў, што там большасць – паводле гэтага ж артыкулу: хто за 9 жніўня яшчэ да гэтага часу, хто за верасень, хто за кастрычнік», – узгадвае Кірыл.

«Маю права» звярнулася па прававы каментар да Рамана Кісляка. Праваабаронец патлумачыў, што апошнім часам улады часта выкарыстоўваюць артыкул 342 КК РБ і магчымасць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, каб грамадзяне не пратэставалі, не выказвалі свайго меркавання. Гэта парушае асноўныя правы чалавека, такія, як свабода сходаў і свабода выказвання меркаванняў. Аднак спадар Кісляк адзначае, што міжнародная супольнасць, а менавіта ААН, вядзе расследаванне такіх парушэнняў з боку ўладаў Беларусі, у тым ліку незаконных затрыманняў, збіцця, невыносных умоваў утрымання.

Мaю прaвa
Судмедэкспертка: прыходзілі людзі настолькі збітыя, нібыта яны выйшлі з канцлагеру
2022.02.04 19:05

У студзені 2021 года ў справе Кірыла адбыўся суд, які прысудзіў Кірылу 3 гады хіміі.

«Пракурор браў паказанні сведкаў і тлумачыў у свой бок, ён не ўлічыў ні адной змякчальнай акалічнасці, што ў мяне былі, і дадаў мне яшчэ некалькі абцяжарвальных: напрыклад, групу асобаў, хоць з тых людзей, з якімі я быў на мітынгу, я нікога не ведаў. Мяне дапытвалі і ў ГУБАЗіКу, і ў СК, але я нікога не ведаў. Яшчэ мне прыпісвалі злачынства «агульнанебяспечным спосабам», што не мае ніякага дачынення да рэальнасці, бо «агульнанебяспечны спосаб» – гэта падпал, выбух, а я проста мірна выходзіў на акцыі пратэсту», – узгадвае судовы працэс наш герой.

«Мяне не забралі на хімію, мне яе толькі прысудзілі ў студзені. Я падаў апеляцыю адразу ж, і вось пакуль я сядзеў на гэтай апеляцыі, паспеў прыехаць сюды», – расказвае наш герой.

Мaю прaвa
Які суддзя найбольш адданы Лукашэнку?
2021.10.15 17:50

Цяпер хлопец жыве ў Батумі, куды ён дабіраўся 3 дні праз 2 краіны. У Грузіі Кірыл адчувае сябе даволі камфортна і ў бяспецы, адзінай праблемай застаецца працаўладкаванне, таму будучыню сваю пакуль што бачыць даволі туманна. Юнак з цеплынёй успамінае ТЮГ, дзе ён пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў працаваў гукааператарам. Хлопец адзначае, што вялікая частка тэатральнага калектыву пацярпела ад рэпрэсіяў. А дырэктар тэатру Міхаіл Савіцкі, які ўзначальваў яго з 2010 года, у студзені-2021 быў звольнены з палітычных матываў.

Кірыл марыць хутчэй вярнуцца на радзіму.

«Я вельмі сумую па доме, і эміграцыю сваю разглядаю выключна як часовую. Я ўпэўнены, што ўсё наладзіцца. Не хочацца быць занадта летуценным, але я веру, што неўзабаве вярнуся ў Беларусь, вярнуся да сябе дадому. Як бы тут добра ні было, усё ж такі гэта не дом, і дома заўсёды лепш», – дзеліцца наш герой.

У рубрыцы «Ведай свае правы» наш эксперт Алег Агееў распавёў, як супрацьстаяць палітычна матываванаму пераследу.

Мaю прaвa
Канец з кветкамі ды стужкамі – пратэстоўца ўзяўся за зброю
2022.03.19 10:00

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.