Адвакат – сваякам кліенткі: Аддасце грошы, калі зможаце


Памятаеце гісторыю Наталлі, валанцёркі-праваабаронцы, якая расказала, як за ёю цікавалі спецслужбы і Расеі, і Беларусі? 4 ліпеня 2020 года жанчыну схапілі супрацоўнікі ФСБ. А ейную дачку-праваабаронцу арыштавалі: цяпер Юля ў беларускай турме.

Беларус беларусу
КДБ і ФСБ пабіліся за беларуску і тая змагла ад іх уцячы
2021.10.15 19:50

АДВАКАТ ХОДЗІЦЬ НАПАВЕР

Наталліна дачка Юля ўсё яшчэ за кратамі, чакае суда. Справа складае 14 тамоў. Родныя бесперапынна збіраюць сродкі на перадачы ды адваката:

«Разумееце, 450 рублёў адзін дзень адваката каштуе. Адвакаты разумеюць, што сітуацыя цяжкая. Дзесьці 11-12 разоў ён ужо схадзіў напавер. Бо ўсё, што я тут зарабляю… Усё роўна не стае. І сыны там узялі пазыку, каб Юлі насіць перадачы і лекі».

ПРА САЛІДАРНАСЦЬ І ДАПАМОГУ

Наталлі дапамаглі беларуская журналістка з Варшавы і Лявон Садоўскі, беларус са Швецыі, якія пабачылі нашую праграму:

«Ён даслаў сродкі, за гэта я набыла сабе чырвоны ровар. На ім ездзіла і на акцыі. І так, каб на праездзе трохі заашчадзіць».

Лявона Садоўскага затрымлівае міліцыя.
Фота: Facebook / Лявон Садоўскі

«А беларуская журналістка, якая цяпер вучыцца і таму ёй не да працы, а камера ляжыць, дала сваю камеру мне, і штатыў, і аб’ектыў, усё неабходнае. І я хаджу на акцыі, здымаю. Зняла шмат чаго. Але з гэтай дэпрэсіяй… Змантавала толькі некалькі фільмаў. Але апошні фільм – пра нашую акцыю. Нядзельную акцыю, якую мы робім штотыдзень, а 14:00 каля помніку Каперніку.

Вельмі добра выказваюць салідарнасць палякі. Гэта я адчула адразу. Калі толькі кажаш, што ты з Беларусі, яны адразу кідаюцца да цябе і кажуць: «Ой, у вас жа там гора горкае. У вас жа там Лукашэнка!» Усе палякі ведаюць, што ў нас адбываецца. Яны з вялікім пачуццём падтрымкі і спагады да нас ставяцца», – дзеліцца спадарыня Наталля.

ЧАРОЎНЫЯ БРАНЗАЛЕТЫ

Наталля вырабляе бранзалеты з натуральных камянёў. Набыўшы іх у гераіні, можна дапамагчы ейнай дачцэ, бо сродкі пойдуць на перадачы і лекі для Юлі.

«Калі хто хоча дапамагчы мне і Юлі, можа набыць такія бранзалеткі, што я раблю сама: бел-чырвона-белыя ёсць, ёсць з натуральных камянёў. Чырвоны, каб кроў чыстая была, а белы – для аднаўлення і абярэгу ад чужой негатыўнай энергіі».

Бранзалеты, якія робіць Наталля.
Фота: «Беларус беларусу»

Калі вы хочаце падтрымаць нашых гераінь, Наталлю і Юлю, або іншых герояў, можаце звярнуцца да нас з любога пункту свету, публічна або ананімна, лістуйце: belarus2belarus@gmail.com.

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам, там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.