«Яго трымалі ў такіх умовах, што выжыць – немагчыма». Новыя сведчанні аб гібелі героя Беларусі


Нашыя сённяшнія героі – гэта блізкія палітвязня Вітольда Ашурка, які быў закатаваны ў турме: ягоны родны брат Андрэй і найлепшы сябра Сяргей Пантус. Некалькі дзён таму яны эвакуяваліся з Беларусі ў Варшаву і падзяліліся не агучанымі раней фактамі аб гібелі Вітольда Ашурка. А таксама папрасілі тэрміновай дапамогі.

Артыкулы
Пракуратура пачала крымінальную справу за скандаванне «Ганьба!» пасля прысуду Вітольду Ашурку
2021.12.16 09:16

«Мы зрабілі фота, калі прывезлі цела Вітольда дахаты, ужо ў Бярозаўку, як ён быў у Доме смутку. Ноччу. Мы папрасілі ўсіх выйсці – маці, усіх. Пад выглядам, што трэба кварцаванне пакою. Агледзелі яго – і ўсё фатаграфавалі», – успамінае Андрэй, родны Вітольдаў брат.

Артыкулы
«Нос хістаўся туды-сюды». Блізкія не вераць у негвалтоўную смерць Вітольда Ашурка
2021.07.21 14:24

«Пачалі трохі размотваць, прыпаднялі трохі бінт… Вочы былі глыбока пасаджаныя [фактычна ўціснутыя ўнутр. – АА] і глядзелі ў розныя бакі. Нос боўтаўся літаральна. І… далей не размотвалі, бо баяліся, што назад не збяруць», – пацвярджае Сяргей Пантус, сябра загінулага.

Гісторыі
«Ён загінуў, каб Беларусь была свабоднай». Вітольду Ашурку сёння споўніўся б 51 год
2021.10.13 14:34

«Яны трымалі яго ў такіх умовах – выжыць немагчыма! Я не выключаю, што яго катавалі. Таму што ёсць сінякі, раны на нагах, якіх раней не было. І ўжо зашытыя. Калі афіцыйна «стала сэрца», навошта рэзаць ногі?

Гэта і збіццё, і катаванне адсутнасцю сну, хутчэй за ўсё. Бо на тых кадрах Следчага камітэту, на якіх ён падае, – ён непрытомны. Абсалютна знясілены чалавек. Ён такі худы! Гэта быў мужчына атлетычнага складу. На судзе відаць: ён крэпенькі такі дзядзька быў. А… важыў кілаграмаў пяцьдзясят з труной, як кажуць. Удвох труну паднялі», – успамінаюць родныя.

Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус апавядаюць пра свой ад’езд і Вітольльда Ашурка. Варшава, Польшча. 24 снежня 2021 года.
Фота: ЯМ / «Белсат»

«Ну, па-першае, відаць, што Вітольд увесь час у кайданках. Вось калі першы раз упаў – у яго на падбароддзі там ранка. Гэта адпавядае падзенню аб трубу. Але гэта дакладна не прычына смерці. І на брыве рана. Гэта тое, што пасля першага падзення было. У мяне склаліся асноўныя пытанні. Гэта колькі часу прайшло паміж другім і трэцім эпізодам? Калі ён другі раз падаў, там ужо відаць: зроблены зум, абрэзаныя вокны, каб не відаць было святла…

Колькі дзён прайшло, колькі часу прайшло?.. Можа, содняў. Гэта не ў той жа самы дзень ён другі раз падае. Дакладна. І пасля ён падае галавой налева і пачынае варушыцца, выцягваць нагу. І кадр абрываецца. Пачынаецца трэці эпізод, як яго ўжо пераварочваюць. Я ў хаце паспрабаваў: рамянём ад штаноў зацягнуў рукі, паклаўся так во на бок, у позу немаўляці, як ён упаў. Спрабаваў устаць. Сапраўды: каб устаць, трэба выцягнуць нагу, зрабіць «рычаг», адціснуцца – і тады толькі зможаш падняцца. Як я ні круціўся, па-іншаму ніяк. Хутчэй за ўсё, Вітольд такім манерам рабіў. То бок ён цалкам у свядомасці яшчэ быў. І па-другое, яшчэ больш важнае пытанне. Колькі часу прайшло з моманту трэцяга да чацвёртага эпізоду. Калі яго пераварочваюць, ён ужо галавой управа. Я рабіў зум – і твар у яго там не тое што сіні, ён фіялетавы. Там ужо прыкметы трупнага раскладання. Як мінімум содні ён мог там праляжаць. Таму і галава ў такім стане, што мы вырашылі да канца не размотваць. То бок і дата смерці розніцца, як мінімум, на содні. Гэта на маю думку», – кажа Сяргей.

Сяргей прабуе падняцца з падлогі са звязанымі рукамі, быццам на іх надзетыя кайданкі.
Фота: «Беларус беларусу»

«Ён быў вельмі прынцыповы. Яго было не зламаць! У мяне словаў няма! Я думаў, я жыву з братам. А аказваецца, жыў з героем. Балюча. Я не маю права сказаць, што вось гэта мой брат. Гэта – наш», – узрушана разважае брат.

Артыкулы
«Мама прасіла – хлопцы, не лезьце ў палітыку, пазабіваюць. Як у ваду глядзела». Размова з братам Вітольда Ашурка
2021.12.26 07:35

Нашым героям прыйшлося нялёгка. Але яны нічога не папрасілі для сябе. Толькі – выратаваць сяброў.

«Мы ў бяспецы. Рукі ёсць, працу знойдзем. Адзінае – трэба пэўныя сродкі, каб у нашых сяброў, якія могуць пацярпець, была магчымасць таксама трапіць у бяспеку. Гэта важна для нас», – кажуць Андрэй і Сяргей.

З такімі беларусамі хоць у жыццё, хоць на вайну. Столькі праўды, столькі шчырасці ў іхных словах і столькі болю за нашую краіну. За свайго брата, сябра. За Вітольда. Як слушна сказаў Андрэй: «Вітольд – ён цяпер не толькі мой брат. Ён брат кожнаму беларусу. Ён сапраўдны герой».

Артыкулы
Апошні ліст Вітольда Ашурка да маці: «Мама! Ты выхавала мяне правільна!»
2021.06.20 16:41

Мы перакананыя, што сярод вас, дарагія гледачы, знойдзецца шмат тых, хто захоча дапамагчы нашым героям. Гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна. З любога пункту свету. Лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.