Місія новага амбасадара Крамля ў Беларусі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Расейскі амбасадар не правёў у Беларусі і году. У Маскве ўжо пачынае пакавацца новы крамлёўскі пасол у нашай дзяржаве. З якой місіяй ён прыедзе ў беларускую сталіцу? Між іншым пра гэта Сяргей Пеляса спытаў Ігара Тышкевіча.

Ці скончыўся памежны крызіс?

Пра масавыя спробы нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі ў Еўразвяз у медыях чуваць усё радзей. Ці азначае гэта, што праблема, створаная Аляксандрам Лукашэнкам для Польшчы і краінаў Балтыі, знікае? Або незаконны кіраўнік Беларусі прайграў – і аперацыю «Шлюз» згортваюць? Ці здолее рэжым узяць рэванш з дапамогаю збеглага польскага жаўнера? Высвятляла Юлія Лабанава.

З якім заданнем у Менск прыедзе новы амбасадар Расеі? Інтэрв’ю з Ігарам Тышкевічам

Крэмль прызначыў новага амбасадара ў Беларусь. Ім стане Барыс Грызлоў. Хто ён і з якім заданнем прыедзе ў Менск? Чаму Аляксандр Лукашэнка паўтарае словы польскага дэзерціра Эміля Чэчкі? Навошта яму рэферэндум па канстытуцыі? Як рэферэндум звязаны з магчымым дыялогам з Захадам? Інтэрв’ю з Ігарам Тышкевічам, беларускім аналітыкам ва Украінскім інстытуце будучыні.

Беларусь у цэнтры ўльтыматуму Крамля

Кіраўнік расейскага МЗСа Сяргей Лаўроў прапанаваў генсеку НАТО Енсу Стольтэнбэргу змяніць працу. Такую заяву кіраўнік расейскае дыпламатыі зрабіў у інтэрв’ю RT. Міністр назваў «гучнымі і даволі фанабэрыстымі» заявы Стольтэнбэрга, што ніхто не мае права парушаць Вашынгтонскай дамовы, паводле якой дзверы НАТО адчыненыя для любога патэнцыйнага кандыдата. З гэтым сцвярджэннем Крэмль не згодны і напярэдадні выставіў свае патрабаванні, якія на Захадзе ўжо празвалі ўльтыматумам. Але ці зможа Масква выгандляваць у Захаду саступкі ў галіне бяспекі і, галоўнае, якім коштам? Матэрыял Святланы Аўчаровай.

Падзенне дыпламатыі Лукашэнкі

Беларусы едуць на Захад, а Лукашэнка цягне нас на Усход. Дыктатар Беларусі надумаў перанакіраваць дыпламатаў. Маўляў калі на Захадзе не любяць незаконнага кіраўніка з Менску, не прызнаюць яго, уводзяць санкцыі – дык мы пойдзем на Усход яшчэ далей. Тым часам здарыўся дзіўнаваты напад на беларускага дыпламата ў Лондане. Ці супадзенне гэта? Што ў гэтай падзе не так? Як напад будзе скарыстаны прапагандаю? Пра тое, што адбываецца з беларускай дыпламатыяй – Яна Шэк.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum