Беларусы споўнілі запаветную мару дачкі палітзняволенай


Надоечы мы расказалі вам гісторыю Ганны, актывісткі, маці траіх дзяцей, якой выпісалі неймаверныя штрафы на 10 тыс. долараў і якая 7 месяцаў правяла ў турме. У той час ейную малую дачку цкавалі ў школе за тое, што ў яе мама за кратамі.

Беларус беларусу
БЧБ-банты і чэргі ў карцар: як вязні змагаліся за святы
2021.12.03 18:50

Як толькі Ганна выйшла на волю, яна ўзяла дачку і з’ехала ў польскую Гдыню. Найвялікшаю праблемаю выявілася тое, што дзіцяці трэба дабірацца да школы каля гадзіны, а маці працуе амаль 24/7. Таму найвялікшаю мараю Вікі стаўся ровар, каб хутка і весела даязджаць да школы.

Як толькі каманда Беларускага дому даведалася з нашай праграмы пра гісторыю актывісткі і ейнай дачкі, то адразу адгукнулася і пагадзілася ажыццявіць мару дзяўчынкі. На жаль, Ганна не здолела быць на ўручэнні, бо пасля турмы ў гераіні выявіліся моцныя праблемы са здароўем, якія патрабавалі тэрміновай увагі.

На экскурсіі ў Беларускім доме перад уручэннем падарунка дзяўчынка, якую прывёз з Гдыні ў Варшаву сябар сям’і Мацей, разважала: «У маці вельмі шмат працы. Ёй трэба працаваць. Працуе практычна 24 гадзіны на содні. Дадому не прыязджае. Калі толькі паесці, у прыбіральню і гэтак далей. Хочацца ўжо, каб хутчэй мы маглі вярнуцца ў Беларусь. Але гэта небяспечна. Бо проста так могуць пасадзіць чалавека на некалькі гадоў. Мая мама 7 месяцаў адседзела, і вяртацца пакуль нам туды не хочацца. Бо калі мы вернемся, то зразумела, што яе пасадзяць. І дадуць тэрмін нашмат большы. Можа, нават некалькі гадоў. Цешыць тое, што ёсць такія людзі, якія не баяцца выказацца. І я таксама люблю сваю маму. І радая, што яна не пабаялася выказацца».

Ганна і Віка.
Фота: «Беларус беларусу»

Віка не ведала, які сюрпрыз яе чакае, напачатку яна нават не паверыла, што ейная мара здзейснілася. Бо дабрацца да школы самой штодня раніцаю было сапраўдным выпрабаваннем.

«Дзякуй табе за тое, што ты і твае бацькі не былі абыякавыя, каб Беларусь была дэмакратычнай і незалежнай. І мы будзем і далей дапамагаць кожнаму рэпрэсаванаму дзіцяці. Мы думаем, што ты можаш на гэтым ровары рабіць вялікія кіламетры ў школу, са школы. Каля мора ў Гдыні. А пасля, калі вернешся ў Беларусь, забярэш яго з сабою. Так што гэта табе», – падсумаваў дырэктар Беларускага дому Алесь Зарэмбюк. Ён паабяцаў і надалей дапамагаць рэпрэсаваным сем’ям і дзецям з сямей палітвязняў.

Алесь Зарэмбюк уручае Віцы ровар.
Фота: «Беларус беларусу»

«Я вельмі ўдзячная за такі падарунак. Ён для мяне вельмі дарагі. Я гэтага ніяк не чакала. І я вельмі моцна ўдзячная сваёй маме. Я яе вельмі моцна люблю. І я радая, што яна не пабаялася выказацца. Гэта вельмі крута!» – падзялілася ўражаннямі 12-гадовая Віка.

Ганна, мама Вікі, запісала адмысловы зварот: «Калі яна шчаслівая – шчаслівая я. Дзякуй вялікі за тое, што падтрымліваеце, за тое, што не забываеце. Гэта вельмі дорага для нас. Асабліва вось у гэтым месцы, калі няма родных побач. Калі ты адзін, груба кажучы. Балазе, нас усё роўна тут атачаюць самыя класныя людзі, сябры. На жаль, на ўручэнні ровара я не змагла прысутнічаць. Рэха турмы. Я была ў лекара. Спрабуем разабрацца са здароўем. Што немалаважна».

Ганна прыгожа падзякавала ўсім, хто падтрымаў яе і Віку.
Фота: «Беларус беларусу»

Таксама неабыякавыя беларусы Польшчы дапамаглі сям’і рэчамі. А гледачы праграмы «Беларус беларусу» адгукнуліся пасля здымкі – і захацелі падтрымаць Ганну грашыма на базавыя лекі пасля турмы.

Вельмі страшна, калі дзеці з рэпрэсаваных сем’яў перастаюць адчуваць радасць. І вялікае шчасце салідарнасці ў тым, калі мы можам вярнуць гэтую радасць, як адбылося сёння. І радавацца разам, як сёння мы радаваліся з Вікаю. Дзякуем за гэта Беларускаму дому.Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў або іхных дзяцей – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.