Беларусы з розных краінаў узяліся дапамагчы Святому Мікалаю


Таццяна з маленькаю дачкою Рагнедаю з’ехалі з Беларусі, ратуючыся ад рэпрэсіяў. Набліжаюцца другія Каляды, якія нашыя гераіні будуць святкаваць па-за домам. Таму гледачы праекту «Беларус беларусу» сабралі падарункі Рагнедзе.

Таццяна была назіральніцаю на выбарах у Берасці ды актывісткаю пратэсту. Ейнага мужа Віктара вышуквалі ў межах крымінальнае справы. Сілавікі ўчынілі ператрус у кватэры. Каб трапіць туды, ім давялося скарыстацца лесвіцаю пажарнае машыны. У выніку Таццяна тэрмінова з’ехала з Берасця ў Польшчу.

Летась нашая праграма разам з Беларускім домам у Варшаве зладзілі ранішнік для беларускіх дзетак.

Набліжаюцца чарговыя Каляды, і неабыякавыя людзі падбалі пра тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі. За падарункі дзякуем арганізацыі беларускай дыяспары ў Нямеччыне «Verein MARA e.V.» А за дзіцячыя кнігі Рагнедзе – старшыні фонду «Kamunikat.org» Яраславу Іванюку і нашым гледачам.

Паглядзіце, якія цудоўныя падарункі сабралі беларусы для нашых герояў! Сярод іх – кніга вершаў для дзяцей Андрэя Скурка. Андрэй быў кіраўніком аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай нівы». Яго асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі, помсцячы за прафесійную дзейнасць.

«Беларус беларусу» заклікае ўспомніць сем’і палітвязняў і зрабіць для іх, хай маленькія, але цуды на святы.

Калі вы хочаце падтрымаць Таццяну і Рагнеду або іншых нашых герояў – лістуйце да нас:

belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.