Барбара Радзівіл. Самая містычная жанчына-прывід нашай гісторыі


Гераіня шматлікіх легендаў, у тым ліку аб прывідзе чорнай панны Нясвіжу. Але найперш Барбара Радзівіл засталася ў гісторыі дзякуючы рамантычнаму каханню з вялікім князем і каралём Жыгімонтам Аўгустам.

Барбара Радзівіл нарадзілася ў 1520 годзе ў Вільні ў сям’і Юрыя Радзівіла, вядомага як Літоўскі Геркулес, удзельніка шмат якіх бітваў і аднаго з творцаў перамогі пад Воршаю над маскавітамі 8 верасня 1514 года. Магутнасць Радзівілаў у Вялікім Княстве Літоўскім узрастала, што прывяло да іх сутыкнення з іншым магутным родам краіны – Гаштольдамі. Каб скончыць спрэчкі, было вырашана заключыць перамір’е праз вяселле паміж Барбараю Радзівіл і старэйшым за яе на 13 гадоў Станіславам Гаштольдам. Але маладыя так і не займелі дзяцей, а праз 5 гадоў Станіслаў памёр. Пасля гэтай смерці ў некалі магутнага роду Гаштольдаў не засталося мужчынскіх нашчадкаў. Барбара сталася ўдавой, а ў хуткім часе ў Геранёны прыехаў Жыгімонт Аўгуст, сын караля польскага і вялікага князя літоўскага. Гэтая сустрэча перарасла ў адно з найвядомейшых каханняў нашай гісторыі.

Як гэтым каханнем скарысталіся браты Барбары – Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды? Якім чынам маці караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста – Бона Сфорца – умяшалася ў жыццё маладых? І чаму легенда аб прывідзе чорнай панны Нясвіжу – гэта насамрэч легенда зусім не пра Барбару Радзівіл, а пра іншую прадстаўніцу знакамітага магнацкага роду? А таксама пра тое, што за праклён звязаны з асобаю Барбары Радзівіл глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commons