Спявачка гурта «Naka»: Не здрадзіць самой сабе


Здымачная група «Маю права» сустракаецца ў Кіеве з Анастасіяй Шпакоўскай.

Анастасія Шпакоўская – беларуская спявачка і акторка. Стваральніца гурта «Naka». Працавала ў Тэатры імя Максіма Горкага, звольнілася з палітычных матываў. У жніўні 2020 года, пасля пагрозаў, вымушаная была пераехаць у Кіеў.

«У 2020 годзе так атрымалася, што я працавала і ў ініцыятыўнай групе, і была побач са штабам Віктара Бабарыкі, і шмат чаго рабіла. І потым мы пачалі рабіць «Культпратэст», – прыгадвае падзеі гадовай даўніны Шпакоўская. – Тыя падзеі, якія адбыліся ў маім жыцці і ў жыцці шмат каго з беларусаў у жніўні мінулага года, вымусілі прыняць такое рашэнне. І зразумела было тое, што надалей працаваць у дзяржаўнай установе пасля крывавых падзеяў, пасля таго, што адбывалася на Акрэсціна і ўвогуле з беларусамі, – гэта здрада ў першую чаргу самой сабе».

Мaю прaвa
«РСП»: «Мы вернемся, і будзе грандыёзны канцэрт»
2021.09.17 16:06

Нашай гераіні патэлефанаваў незнаёмец. Анастасія не была падрыхтаваная да таго, што падзеі пачнуць разгортвацца ў такім кірунку.

«Пазваніў мужчынскі голас, запытаў, дзе маі дзеці, называючы цалкам прозвішча, імя па бацьку і нават гады нараджэння, ці ў бяспецы яны. І апошняе пытанне было, ці ўпэўненая я ў іхнай бяспецы. А потым нашая размова абарвалася раптоўна. Быў потым яшчэ адзін званок. І было разуменне, што адбываецца нешта, што не хочаш, каб адбывалася ў тваім жыцці».

Пазней прыватныя звесткі Анастасіі пачалі з’яўляцца ў праўладных суполках кшталту «Ірады» і «Правакатары». Тады прыйшло разуменне, што трэба з’язджаць.

Мaю прaвa
Калі СК і Нацбанк скралі ў яго грошы ад «BY_help», з’ехаў у Кіеў
2021.04.30 20:05

Апынуўшыся ў Кіеве, Анастасія Шпакоўская з аднадумцамі зрабілі шмат шыкоўных відэа дзеля падтрымання беларусаў. Цяпер акторка пастанавіла ўзяць творчы адпачынак у сваёй музычнай дзейнасці.

«Часу не стае часта займацца музыкай. Але песні пішуцца, і нейкі рух у гэтым плане ёсць, – дзеліцца думкамі акторка і спявачка. – І галоўнае для мяне – гэта гурт «Naka», гэта мая творчасць, мае песні і ўвогуле мой праект, які існуе ў такім надзвычайным выглядзе, бо музыкі засталіся ў Беларусі, а я тут».

Цяпер Анастасія супрацоўнічае з беларускаю рэдакцыяй радыё «Ўнэт». Яна вядзе аўтарскую праграму «Свет музыкі», цалкам прысвечаную беларускім музыкам. А яшчэ нашая суразмоўца стварыла Першую беларускую онлайн-школу ва Украіне (http://byschool.com.ua/), што ўжо сталася шырока вядомаю сярод беларусаў, якія таксама мусілі пакінуць радзіму.

«Я вырашала зрабіць такую школу, дзе нашыя дзеці атрымліваюць атэстацыю дзяржаўнага роўню, то бок яны афіцыйна залічаныя ва ўкраінскую школу, але акрамя ўкраінскіх асноўных прадметаў вывучаюць беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі, а таксама расейскую мову і літаратуру».

Мaю прaвa
Як жывецца ва Украіне БЧБ-нявесце Іне Зайцавай?
2021.05.28 20:05

Анастасія кажа, што школа існуе за кошт донараў, але ёсць шмат варыянтаў аплаты. Пры гэтым шмат хто з дзяцей навучаецца бясплатна.

«Галоўнае – трэба разумець, што ад кожнага з нас залежыць вынік і спыняцца нельга ні ў якім выпадку», – сказала на развітанне са здымачнаю групаю «Маю права» Анастасія Шпакоўская.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Праваабаронец – пра адзін знойдзены патрон і справу Аўтуховіча

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.