Баяцца здаваць кватэру сям'і палітвязня: жанчына з дваімі дзецьмі выжывае на дэкрэтныя


Для сям’і Дзяніса ды Ірыны мінулы год павінен быў стацца самым радасным: у іх нарадзілася доўгачаканая дачушка Даша. Але прыйшла бяда: за каментары ў сацсетках Дзяніса пакаралі трыма гадамі калоніі. Калі яго забралі, Дашы споўнілася толькі сем месяцаў, і больш за ўсё Дзяніс сумуе, што не зможа ўбачыць ейных першых крокаў.

Ірына засталася адна з дваімі дзецьмі: 10-гадовым сынам і дачкой, якой споўнілася 9 месяцаў. Жанчына ў дэкрэтным адпачынку, таму сям’я жыве на выплаты для догляду дзіцяці.

Муж Ірыны атрымаў тры гады калоніі за каментар у сацыяльных сетках.

«Была навіна пра тое, што сілавікі збіваюць глуханямога мужчыну, і муж напісаў нешта, маўляў, як так можна, вы ж павінныя абараняць народ. А пасля выбараў ён таксама пакінуў каментар пад жорсткім відэа. Не ведаю, што яго падштурхнула пакідаць тыя каментары, напэўна, нейкая прага справядлівасці. У кастрычніку нам патэлефанаваў следчы, на Дзяніса завялі крымінальную справу», – згадвае Ірына.

Калі завялі справу, Ірына была цяжарная, праз стрэс ад падзеяў яна трапіла ў шпіталь на захаванне. Дачка нарадзілася ў лістападзе, і бацька паспеў пабыць з ёю першыя месяцы. А ўжо ў ліпені адбыўся суд. Пасля агучвання выраку – тры гады калоніі – проста ў судовай зале на Дзяніса надзелі кайданкі.

«З таго часу ён не бачыў дачкі, і гэта, напэўна, самае страшнае для яго. Гэта вельмі доўгачаканае і любімае дзіця, – кажа Ірына. – Ён і ў лістах піша, што не пабачыць ейных першыя крокаў ды вельмі шкадуе пра гэта».

Як і для шмат якіх семʼяў палітычных вязняў, самае вялікае багацце – гэта лісты ад родных з-за кратаў. У кожным лісце муж піша кранальныя словы сыну і дачцэ ды просіць чакаць яго.

Паштоўка з малюнкамі і вершам ад Дзяніса, якую ён зрабіў для жонкі. Кадр з праграмы «Беларус беларусу»

Старэйшы сын ведае, што тата ў турме за каментары ў сацыяльных сетках, і досыць складана гэта пераносіць.

«Як толькі ён даведаўся, што тата не вернецца дадому, у яго пачаўся нервовы цік, таму я стараюся з ім гэтай тэмы не кранаць», – кажа маці.

Жыць толькі на дзіцячыя выплаты Ірыне складана, большую частку грошай даводзіцца аддаваць на арэнду здымнай кватэры, якую, да таго ж, не так проста знайсці.

«Кватэра гэтая за той час, колькі Дзяніс сядзіць, ужо трэцяя. Горад у нас маленькі, і калі людзі даведваюцца, што ён палітвязень, то адмаўляюцца здаваць. Думаю, проста баяцца», – кажа жанчына.

Сям’я стаіць у чарзе на арэнднае жытло і вельмі спадзяецца яго атрымаць. Яны не маюць уласнай мэблі, таму для пераезду вельмі прыдалася б канапа. Пра гэта і марыць гераіня.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць публічна або ананімна з любога пункту свету) – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.